Актывістаў Маладога Фронту затрымалі за спробу правесьці культурную імпрэзу ў дзіцячым доме
7 траўня маладафронтаўку Людвісю Атакулаву і трох яе паплечнікаў затрымалі па дарозе ў Станькава - там юнакі мусілі праводзіць "Шоў Беларушчыны" у дзіцячым доме, а таксама перадаць кнігі на беларускай мове дзецям.
"Нас без усялякіх тлумачэньняў зьнялі з маршруткі ў Дзяржынску, перакінулі ў міліцэйскі аўтобус і адвезьлі ў Цэнтральны РАЎС Менску", - распавядае Людвіся Атакулава.
У РАЎСе юнакоў здымалі на відэакамэру міліцыянты Хацяновіч Дзмітрый Міхайлавіч і Нікіцін Андрэй Уладзіміравіч.
"У мяне была дамова адвакатам, якую я паказаў міліцыянтам. Яны ж яе проста запхнулі назад у пашпарт", - распавядае маладафронтавец Андрусь Багдановіч.
Праз чатыры гадзіны юнакоў адпусьцілі. Гэта першы выпадак, калі моладзевых актывістаў затрымліваюць за спробу правядзеньня імпрэзы ў дзіцячым доме.