Ціск на астравецкіх грамадскіх актывістаў не спыняецца
5 траўня да Івана Крука, сябра аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы “Астравецкая атамная - гэта злачынства”, наведаўся міліцыянт і дапытаў яго па факце распаўсюду 26 красавіка інфармайыйных матэрыялаў, прысвечаных 23-яй гадавіне Чарнобыля і магчымаму будаўніцтву Астравецкай АЭС. Падставай для гэтага стала “ананімнае тэлефоннае паведамленне ў РАУС”.
Пра гэта паведамляе паплечнік І.Крука па антыатамным супраціве ў раене Мікола Уласевіч.
- З усяго гэтага вынікае, што у справе з распаўсюдам “Астравецкага весніка” яшчэ магчымы нейкі працяг, - зазначае сп. Уласевіч. – Але цікава, што за гэты час я таксама атрымаў адказ з Міністэрства інфармацыі на сваю сумесную заяву з І.Круком аб прадастаўленні ксеракопій усіх працэсуальных дакументаў па распачатаму супрацоўнікамі Астравецкага РАУСа ў дачыненні да нас абодвух адміністратыўнаму працэсу па ч.2 арт.22.9 КаАП РБ, падчас якога у нас былі праведзеныя вобшукі па месцы жыхарства. З атрыманага ліста за подпісам першай намесніцы міністра Л.С. Ананіч прама вынікае, што ў дачыненні асабіста да мяне падставы да прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці адсутнічалі і ніякіх працэсуальных дакументаў Мінінфармацыі не складала. А гэта азначае, што на сённяшні дзень у мяне ёсць яшчэ адно дакументальнае пацверджанне свавольства міліцыі.
Мікола Уласевіч паведаміў, што разам з Іванам Круком яны накіравалі яшчэ адну, сумесную, скаргу ў Канстытуцыйны Суд і Генпракуратуру. Адбылося гэта пасля таго, як 22 красавіка да іх дадому ізноў наведаліся супрацоўнікі міліцыі і абодвум пад распіску ўручылі папярэджанні аб недапусцімасці правядзення недазволенных для правядзення райвыканкамам двух заяўленых намі массавых мерапрыемстваў прысвечаных 23-й гадавіне Чарнобыля.
У скарзе актывісты антыатамнага супраціву яшчэ раз заявілі “пра чарговае грубае парушэнне сваіх законных правоў”, тым самым засведчыўшы “факт бесперапыннага маральна-псіхалагічнага тэрору, які ў дачыненні да праціўнікаў будаўніцтва АЭС здзяйсняюць улады Астравецкага раёну сумесна з праваахоўнымі органамі і органамі дзяржбяспекі, працягваючы беспакаранна і цынічна дзейнічаць у сваіх супрацьпраўных мэтах, не звяртаючы ніякай увагі ні на закон, ні на нашыя законныя правы”.
М.Уласевіч і І.Крук просяць генпракурора і старшыню Канстытуцыйнага Суда “даць прававую ацэнку дзеянням супрацоўнікаў Астравецкага РАУС наконт іх законнасці” падчас наведвання свайго жылля, а таксама пры вынясенні пісьмовых папярэджанняў ад імя начальніка райаддзела міліцыі. Паколькі грамадскія актывісты не маюць сумневаў наконт незаконнасці вынесеных ім папярэджанняў, яны ў сваёй скарзе таксама патрабуюць “усіх вінаватых прыцягнуць да строгай, нават да крымінальнай, адказнасці, паколькі ў іх дзеяннях ёсць усе прыкметы злачынстваў супраць канстытуцыйных правоў чалавека і грамадзяніна, прадугледжаных гл.23 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь”.
Мікола Уласевіч зазначыў, што на свае раней пададзеныя скаргі (ад 16.04.09 і 23.04.09) ён паслядоўна атрымаў адказы-адпіскі і з Генпракуратуры і з Канстытуцыйнага Суда.