Гуманізацыя сістэмы выканання пакаранняў – тэма чарговага пасяджэння Грамадска-кансультацыйнага савета
Як стала вядома “Народнай Волі”, чарговае пасяджэнне Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі можа прайсці ў адной з камер следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
“Тэма будучага пасяджэння, якое адбудзецца прыкладна напрыканцы мая - на пачатку чэрвеня — “Гуманізацыя сістэмы выканання пакаранняў у Рэспубліцы Беларусь. Ажыццяўленне грамадскага кантролю за выкананнем правоў чалавека ў месцах прымусовага ўтрымання”, — паведаміў “Народнай Волі” член Савета, ганаровы старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа. — Проста на мінулым Савеце зайшла гаворка пра тое, што няблага было б зрабіць наступнае пасяджэнне выязным. Я прапанаваў арандаваць камеру ў СІЗА на Валадарцы. Калі прапанова будзе прынята, можна сказаць, што атрымаецца проста гістарычная падзея”.
Нагадаем, што Грамадска-кансультацыйны савет узначальвае кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. Пакуль што ні на адно з пасяджэнняў Савета не былі дапушчаны прадстаўнікі незалежных сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку і “Народнай Волі”.