viasna on patreon

«Экстрэмізму» ў Беларусі можа стаць больш

2009 2009-05-12T07:33:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/voskliz.jpg

Цяпер за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Беларусі будзе ўстаноўлена не толькі крымінальная, але і адміністратыўная адказнасць. Такая норма змяшчаецца ў законапраекце «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях крымінальнай і адміністратыўнай адказнасці», — паведаміла агенцтва БелТА са спасылкай на Пастаянную камісію па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

 

У прыватнасці, Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях будзе дапоўнены артыкулам, які ўводзіць адказнасць за выпуск, распаўсюд і захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства. Такія правапарушэнні будуць карацца штрафам у памеры 10–50 базавых велічынь, для індывідуальных прадпрымальнікаў — 50–100, для юрыдычных асобаў — 100–500.

Чакаецца, што дакумент можа быць прыняты ў першым чытанні ўжо на веснавой сесіі ПП НС.

Гэтую навіну пракаментаваў прэс-службе БАЖ намеснік старшыні арганізацыі, юрыст Андрэй Бастунец: «Першае, на што я хацеў бы звярнуць увагу: першакрыніца ўсіх праблем — гэта закон „Аб супрацьдзеянні экстрэмізму“. Менавіта ў ім утрымліваецца вельмі шырокая і няўцямная фармулёўка наконт таго, што такое экстрэмісцкая дзейнасць. І мы ўжо бачылі на практыцы, як шырока яна трактуецца правапрымяняльнымі органамі і судамі.

Што ж тычыцца ўнясення адказнасці за экстрэмісцкую дзейнасць у Адміністратыўны кодэкс, дык я лічу гэта, па-першае, недарэчным, а па-другое — небяспечным.

Недарэчным — там што экстрэмісцкая дзейнасць ужо само па сабе вельмі цяжкае правапарушэнне, і зразумела, чаму за яго была ўсталяваная крымінальная адказнасць.

Калі мы ўводзім адміністратыўную адказнасць, мы тым самым рэзка пашыраем колькасць правапарушэнняў, якія могуць падпадаць пад вызначэнне „экстрэмізм“. То бок, яшчэ больш размываецца фармулёўка „экстрэмісцкая дзейнасць“. Тое, што ў законапраекце ідзе гаворка пра захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, толькі пацвярджае гэта.

Па вялікім рахунку, з сённяшнімі падыходамі «экстрэмісцкі матэрыял» можна знайсці ледзь не ў кожнага другога грамадзяніна. Таму новы законапраект не толькі недарэчны, але і небяспечны».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства