Франак Вячорка зноў судзіцца
Сёння, 12 траўня, пачнецца разгляд касацыйнай скаргі Франака Вячоркі. У вайсковым судзе Франак дамагаецца скасаваньня пастановы суду ніжэйшай інстанцыі, які прызнаў дзеяньні вайскоўцаў і вайсковых мэдыкаў законнымі.
Хлопца затрымалі 16 студзеня людзі ў цывільным у палаце вайсковага шпіталя, дзе ён праходзіў мэдычнае абсьледаваньне.
Франака прывезьлі ў ваенкамат і там паведамілі, што праз паўгадзіны адвязуць у вайсковую частку. Тады Франак падаў заяву на дзеяньні вайскоўцаў у суд, і той прыпыніў да разгляду справы прызыў Франака ў войска.
Суд Савецкага раёну Менску прыпыніў дзеяньне рашэньня ваенкамату да таго часу, пакуль ня будзе рашэньня па скарзе.
30 студзеня хлопца затрымалі на вуліцы міліцыянты, якімі камандавалі людзі ў цывільным. Яго кінулі ў машыну і адвезьлі ў ваенкамат. Там хлопцу нанесьлі некалькі ўдараў па твары і галаве. Гэта засьведчыла судова-мэдычная экспэртыза.
Вайскоўцы назіралі за дзеяньнямі людзей у цывільным, але ня ўмешваліся.
Адразу з ваенкамату Франка адвезьлі ў вайсковую частку ў Баранавічах
7 лютага ён прыняў прысягу.
Моладзевы актывіст служыць ў Мазыры.