Міністэрства юстыцыі адмовіла ў дзяржрэгістрацыі Партыі БХД
Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД). Рашэнне прынята па выніках вывучэння пададзеных БХД дакументаў, якія, сцвярджае Мінюст, утрымліваюць недакладныя звесткі.
У прыватнасці, паведамляецца на афіцыйным сайце міністэрства, у ходзе вывучэння дакументаў, пададзеных для рэгістрацыі, устаноўлена, што ў спісе заснавальнікаў БХД нібыта названыя асобы, якія не бралі ўдзел у правядзенні сходаў па вылучэнні дэлегатаў на ўстаноўчы з`езд партыі і ў працы самога з`езда.
Мінюст лічыць, што паўнамоцтвы прысутных на ўстаноўчым з`ездзе БХД дэлегатаў мандатнай камісіяй належным чынам правераны не былі, у сувязі з чым на з`ездзе прысутнічалі тыя асобы, якія дэлегатамі не абіраліся. Шэраг заснавальнікаў партыі БХД, сцвярджае міністэрства, не змаглі назваць месца і дату правядзення сходаў, на якіх яны нібыта прысутнічалі, колькасць прысутных на гэтых сходах людзей, а таксама прозвішчы дэлегатаў, абраных на ўстаноўчы з`езд.
Акрамя таго, адзначае Мінюст, устаноўлены факты "ўвядзення ў зман асоб, чые подпісы ёсць у спісе заснавальнікаў партыі БХД, адносна таго, пад якім дакументам яны падпісваюцца". Пададзеныя партыяй дакументы ўтрымліваюць таксама іншыя парушэнні, гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.
"Устаноўчы з`езд партыі БХД ад 28 лютага 2009 года праведзены са шматлікімі парушэннямі парадку стварэння палітычнай партыі, і гэтыя парушэнні носяць неадольны характар. Гэта пацвердзілася таксама ў ходзе дадатковай праверкі, праведзенай па звароце шэрагу заснавальнікаў партыі, што паступіў 16 красавіка ў Міністэрства юстыцыі. Названыя абставіны, згодна з артыкулам 17 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб палітычных партыях", з`яўляюцца падставамі для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі палітычнай партыі", — заяўляе Мінюст.
Гэтае рашэнне можа быць абскарджана ў месячны тэрмін у Вярхоўны суд.
Як паведамляў БелаПАН, 15 красавіка БХД ужо было адмоўлена ў рэгістрацыі. Аднак 17 красавіка рашэнне аб нерэгістрацыі было прыпынена ў сувязі са зваротам у Міністэрства юстыцыі шэрагу заснавальнікаў партыі і атрыманнем дадатковай інфармацыі, якая ўплывала на рашэнне аб дзяржаўнай рэгістрацыі.
Тады ж сустаршыня БХД Павел Севярынец заявіў БелаПАН: ён "не сумняваецца ў тым, што ў рэгістрацыі БХД будзе адмоўлена". "Цяпер адзін з дзяржаўных тэлеканалаў здымае сюжэт аб нашай партыі. Пад націскам мясцовых уладаў нашых актывістаў прымушаюць гаварыць на камеру, што яны не ўдзельнічалі ва ўстаноўчым з`ездзе. Гэта робіцца для таго, каб апраўдаць адмову ў рэгістрацыі БХД", — сказаў палітык.
Паводле яго слоў, "улады баяцца легалізацыі структур партыі, якая працуе з установамі адукацыі, царквой". Севярынец падкрэсліў: якім бы ні было рашэнне Мінюста, партыя прадоўжыць працу.