viasna on patreon

Ствараецца “Рух за вызваленьне Беларусі ад дыктатуры”.

2005 2005-09-08T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

7 верасьня ў Менску адбылася прэсавая канфэрэнцыя, у якой удзельнічалі тры беларускія палітыкі — Аляксандар Вайтовіч, Васіль Лявонаў і Валеры Фралоў. Яны паведамілі журналістам, што новая арганізацыя будзе дамагацца недапушчэньня да ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году Аляксандра Лукашэнкі, паведаміла радыё Свабода. Падставай для гэтага, паводле палітыкаў, зьяўляецца нелегітымнасьць леташняга рэфэрэндуму, сфальсыфікаваныя вынікі якога дазваляюць дзейнаму кіраўніку беларускай дзяржавы ўдзельнічаць у выбарах неабмежаваную колькасьць разоў.

Тлумачыць выбаршчыкам, чаму Аляксандар Лукашэнка ня мае юрыдычнага права трэці раз балятавацца ў якасьці прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі, актывісты новага руху зьбіраюцца падчас рэфэрэндуму, які яны хочуць правесьці ў краіне.

Стваральнікі новай арганізацыі вырашылі скарыстацца канстытуцыйным правам на правядзеньне рэфэрэндуму з ініцыятывы грамадзянаў. На яго плянуецца вынесьці чатыры пытаньні: пра дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства, адмену кантрактнай сыстэмы найму на працу, абмежаваньне росту тарыфаў на паслугі жыльлёва-камунальных службаў, дзяржаўную падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу.

Актывісты ўжо пачалі фармаваць адмысловую групу, якая будзе канкрэтна займацца гэтай справай. Яе ўзначальвае генэрал Валеры Фралоў. Ініцыятары руху спадзяюцца, што новая акцыя дапаможа аб’яднаць усе дэмакратычныя сілы — як партыйныя, так і непартыйныя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства