Пратэстанты змагаюцца супраць уладаў за будынак сваёй царквы
Вернікі пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” працягваюць змаганьне за свой будынак для набажэнстваў. Менскія ўлады забіраюць яго, матывуючы гэта нямэтавым выкарыстаньнем памяшканьня былога калгаснага кароўніка. Пастара і адміністратара царквы аштрафавалі на вялікія сумы. Разам з тым участак, які быў выдзелены грамадзе ў 2002 годзе за 10 тысяч даляраў, зараз перададзены гораду, а будынак, які вернікі самі добраўпарадкавалі, будзе прымусовым чынам выкуплены.
Пастар Вячаслаў Ганчарэнка называе некалькі прычынаў гэткай сытуацыі: “Я лічу, што наша сытуацыя абумоўлена некалькімі прычынамі. Першая — ідэалёгія дзяржавы, якая аддае перавагу праваслаўнай канфэсіі. Другая — ня выключана, што чыноўнікі зацікаўлены забраць зямлю й будынак, каб на гэтым месцы пачаць будаўніцтва прыватных катэджаў. Трэцяя — небясьпечнае ўзмацненьне рэлігійнай нецярпімасьці”.
Кіраўнікі “Новай царквы” заявілі, што будуць адстойваць свае правы да апошняй магчымасьці. Дыякан Васіль Юрэвіч паведаміў Радыё Свабода, што вернікі пачалі бестэрміновую акцыю пратэсту. Яны будуць кругласуткава заставацца ў храме, зьмяняючы адзін аднаго.
Зараз у будынку пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” у мікрараёне Сухарава штодня адбываюцца набажэнствы — гэткім чынам працягваецца бесьперапынная акцыя вернікаў на знак пратэсту супраць рашэньня Менгарвыканкаму аб пазбаўленьні царквы зямельнага ўчастку і будынку для набажэнстваў.
На пытаньне Радыё Свабода, ці магчыма знайсьці выйсьце з дадзенай сытуацыі ў рамках беларускага заканадаўства, адказвае юрыст царквы Сяргей Луканін: “Мы будзем абскарджваць дзеяньні ўладаў у судзе. Аднак мы рэальна ўяўляем, у якой краіне жывём. І нашы суды, на жаль, нельга назваць незалежнымі. Мы, як законапаслухмяныя грамадзяне, будзем адстойваць свае інтарэсы ў судзе, аднак толькі Госпад Бог можа нам дапамагчы”.
Паводле япіскапа аб’яднаньня хрысьціянаў Поўнага Эвангельля Аляксандра Саковіча, з аналягічнымі праблемамі сутыкаюцца пратэстанцкія цэрквы ва ўсёй Беларусі — у Баранавічах, Гомелі, Мікашэвічах ды іншых гарадах.
Рэлігійная грамада хрысьціянаў Поўнага Эвангельля “Царква “Новае жыцьцё” зарэгістраваная і дзейнічае ў Беларусі ад 1992 году. Яна налічвае больш за тысячу вернікаў.