Мінспорт просіць рыхтаваць беларускамоўных экскурсаводаў
Толькі дзякуючы распаўсюду незалежнымі СМІ інфармацыі аб выпадку ў Брэсце (пра яго пісала "Салідарнасць" - http://gazetaby.com/index.php?sn_nid=21268&sn_cat=35), беларускім чыноўнікам прыйшлося задумацца аб праблеме адсутнасці беларускамоўных эксурсаводаў, хоць валодаць беларускай мовай, як падаецца, мусіць кожны з іх, бо ў нашай краіне дзьве дзяржаўныя мовы. І той факт, што пры правядзенні адпаведнай прафесійнай атэстацыі веданне беларускай мовы не патрабуецца, выклікае, шчыра кажучы, неразуменне. У Беларусі знойдуцца гіды з ведамі розных замежных моваў і з цяжкасцю можна знайсці гіда на роднай мове - хіба не парадокс?!
У сённяшнім нумары газеты "Звязда" змешчаны артыкул "У Беларусi дэфiцыт беларускамоўных экскурсаводаў, у якім паведамляецца, што Мiнiстэрства спорту i турызму мае намер звярнуцца ў ВНУ, якiя рыхтуюць кадры ў турыстычнай сферы, з просьбай больш увагi надаваць вывучэнню беларускай мовы. У прыватнасцi, гэта датычыцца спецыялiстаў экскурсiйнай справы:
Мiнiстэрства спорту i турызму мае намер звярнуцца ў ВНУ, якiя рыхтуюць кадры ў турыстычнай сферы, з просьбай больш увагi надаваць вывучэнню беларускай мовы. У прыватнасцi, гэта датычыцца спецыялiстаў экскурсiйнай справы.
Як расказала "Звяздзе" кансультант дэпартамента па турызме Мiнiстэрства спорту i турызму Алена Салаўёва, такая просьба будзе ўтрымлiвацца ў штогадовым лiсце, дзе Мiнспорту падводзiць вынiкi выпуску спецыялiстаў. Інiцыятыва, як расказала прадстаўнiк Мiнспорту, выклiканая выпадкам, якi нядаўна адбыўся ў Брэсцкай вобласцi. Польскiя турысты папрасiлi правесцi экскурсiю на беларускай мове. "Атэставаных спецыялiстаў, якiя маглi б гэта зрабiць, не знайшлося", — расказала Алена Салаўёва. "У нас ёсць шмат гiдаў-перакладчыкаў, якiя валодаюць польскай мовай, асаблiва ў Брэсце, такая ж просьба, на жаль, была нечаканасцю". Паводле слоў спецыялiста, гэта першы выпадак, калi замежныя турысты папрасiлi правесцi экскурсiю па-беларуску, i iх просьбу не задаволiлi. Звычайна замежнiкам даюць магчымасць паслухаць гучанне мовы. Калi гэта, скажам, аглядная экскурсiя па мясцiнах Янкi Купалы, наведвальнiкам чытаюць некалькi вершаў па-беларуску, у цэлым жа экскурсiя для замежных турыстаў праводзiцца на той мове (як правiла, замежнай), якую яны просяць, з прыцягненнем гiдаў-перакладчыкаў. Беларускамоўныя экскурсii ў асноўным заказваюць айчынныя турысты, падарожжы якiх звязаны з вывучэннем гiсторыi, беларускай мовы цi мясцiнаў, звязаных з лёсам славутых паэтаў, пiсьменнiкаў, iншых адметных асобаў Беларусi.
Паводле слоў Алены Салаўёвай, экскурсаводы, якiя валодаюць беларускай мовай, у нас ёсць. I часам выпускнiкi па гэтай спецыяльнасцi на атэстацыi выказваюць жаданне абараняць свае экскурсii па-беларуску. Аднак пакуль такiх спецыялiстаў недастаткова, лiчыць прадстаўнiк Мiнспорту. "Экскурсаводы валодаюць замежнай мовай — гэта закладзена ў праграму навучання i з'яўляецца абавязковым патрабаваннем пры атэстацыi. А вось беларуская мова ў кожным ВНУ вывучаецца ў розным аб'ёме". Да таго ж, як заўважыла Алена Салаўёва, падчас атэстацыi ацэньваюцца выключна веды экскурсавода. "Але такiя спецыялiсты павiнны быць артыстычнымi, умець захапiць аўдыторыю i трымаць яе ўвагу да канца. Цi то перад iм аўтобус з турыстамi з Акадэмii навук, цi то вясковыя школьнiкi — кожную аўдыторыю трэба ўмець зацiкавiць. Але пакуль у нас на гэта звяртаецца недастаткова ўвагi", — падзялiлася сваiм меркаваннем спецыялiст дэпартамента па турызме.
"У межах развiцця ўязнога турызму трэба павялiчваць колькасць спецыялiстаў экскурсiйнай справы, якiя дасканала валодаюць беларускай мовай. Тым больш, што зараз з павелiчэннем цiкавасцi да нашай нацыянальнай культуры i гiсторыi гэта актуальна. Мяркую, што студэнты самi гэта разумеюць i адчуваюць, i будуць iмкнуцца правiльна сябе пазiцыянаваць", — адзначыла Алена Салаўёва.