Уладзімір Лабковіч: “Выходзіць, паколькі я карыстаюся беларускай мовай, то гэта мае праблемы, як мне ўдзельнічаць у судзе”
Юрыст і праваабаронца Уладімір Лабковіч накіраваў у Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь скаргу, у якой просіць прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці суддзю Гарадзенскага абласнога суду, якая адмовілася весці працэс па-беларуску і прадаставіць перакладчыка беларускамоўным удзельнікам судовага працэсу.
21 траўня ў Гарадзенскім абласным судзе слухалася грамадзянская справа па скарзе ГА “БНФ Адраджэнне” на адмову ў рэгістрацыі Гарадзенскай абласной арганізацыі.
Уладзімір Лабковіч і Юры Чавусаў, сябры Сойму Партыі БНФ, у судовым працэсе прадстаўлялі інтарэсы грамадскага аб’яднання.
Першае хадайніцтва, якое заявіў Уладзімер Лабковіч, было аб тым, каб працэс вёўся па-беларуску.
- Гэта было маёй рэакцыяй на тое, што сакратар судовага паседжання вяла пратакол па-расейску, хяця і я, і Юры Чавусаў давалі тлумачэнні суду па-беларуску. Зразумела, што калі сакратар не валодае беларускай мовай і не можа запісваць нашыя паказанні па-беларуску, у суд павінен быў быць выкліканы перакладчык. Бо ў дадзеным выпадку гэты сакратар не мела права браць на сябе функцыі перакладчыка, - распавядае Уладзімер Лабковіч.
Суддзя Ларыса Палякова не задаволіла гэтае патрабаванне прадстаўнікоў “БНФ Адраджэнне”. Тады Уладзімер Лабковіч заявіў другое хадайніцтва – каб у працэс быў дапушчаны перакладчык, паколькі ён не валодае ў дастатковай ступені расейскай мовай.
- У грэблівай форме, з фразай “вы же учились в русской школе, зачем здесь это устраивать” суддзя адмовіла мне і ў гэтым хадайніцтве. Адмову яна патлумачыла тым, што суд сам вырашае, на якой мове весці працэс, і вырашыў рабіць гэта па-руску. Я не пярэчу, суд мог прыняць такое рашэнне. Але ж разам з тым суд абавязаны забяспечыць маё канстытуцыйнае права, каб я мог удзельнічаць у гэтым працэсе, карыстаючыся беларускай мовай. Безумоўна, гэта дыскрымінацыя канстытуцыйнага права, гэта знявага адной з дзяржаўных моваў. Гэта паказвае, як у нас на справе забяспечваецца білінгвізм, - абураецца У. Лабковіч. - Калі я наўпрост спытаў суддзю, маўляў, вы ж такім чынам пазбаўляеце мяне магчымасці ўвогуле удзельнічаць у гэтым працэсе, яна адказала, што “да, я вас лишаю такой возможности, можете не участвовать”.
Юрыст і праваабаронца выказвае спадзяванне на тое, што, улічваючы такую сітуацыю, Калегія па грамадзянскіх справах Гарадзенскага абласнога суда адменіць рашэнне, якое прыняла суддзя Ларыса Палякова, і яно будзе накіраванае на новы разгляд.
- Гэта насамрэч вельмі абуральны і прыкры факт. Таму што, калі б я быў, да прыкладу, в’етнамцам, мне, бясспрэчна, прадаставілі б перакладчыка. А, выходзіць, паколькі я беларус і карыстаюся адной з дзяржаўных моваў (беларускай!), то гэта мае праблемы, як мне удзельнічаць у судзе, - зазначае ён.
Трэба узгадаць, што ў практыцы юрыста У. Лабковіча ў 2004 годзе быў выпадак, калі судовая пастанова была адмененая ў сувязі з адмовай суддзі весці працэс на беларускай мове. Гэты факт меў месца падчас разгляду ў дачыненні да яго адміністратыўнай справы за ўдзел у акцыі пратэсту пасля ліквідацыі Праваабарончага цэнтру «Вясна».
Уладзімір Лабковіч адзначае, што падобныя сітуацыі з’яўляюцца прынцыповымі для яго як праваабаронцы.
У нашай краіне дыскрымінацыя беларускай мовы – з’ява нярэдкая. У многіх сферах адносіны да беларускамоўных грамадзянаў набываюць зняважлівы характар. І ў гэтым плане практыка вядзення судовых працэсаў вельмі паказальная. Калі, напрыклад, Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь ідзе насустрач патрабаванням беларускамоўных удзельнікаў працэсу, то на ніжэйшых узроўнях сітуацыя надзвычай неспрыяльная, і хадайніцтвы аб прадастаўленні перакладчыка на беларускую мову звычайна не задавальняюцца.
Гэтую праблему ўздымаў Рыгор Васілевіч, калі займаў пасаду старшыні Канстытуцыйнага суда. У верасні 2007 года ў Менску падчас семінара “Садзеянне больш шырокаму прымяненню міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека ў працэсе выканання правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь” Васілевіч заявіў грамадскасці, што “адказнасць за непавагу да беларускай мовы ніхто не адмяняў”. “Да нас неаднаразова паступалі скаргі на тое, што заяву ў суд не прымаюць, таму што яна напісана па-беларуску. Я сам бачыў такую рэзалюцыю: “Перапішыце заяву на нармальнай мове”. У Канстытуцыі запісана, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская, таму такая рэзалюцыя з'яўляецца непавагай да дзяржаўнай мовы”, — падкрэсліў тады Р.Васілевіч. Ён заклікаў суддзяў карыстацца беларускай мовай па запатрабаванні ўдзельнікаў працэсу.
Паводле арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абедзьве дзяржаўныя мовы ў краіне – беларуская і руская – маюць роўны статус.
Адносіны ў сферы развіцця, ужывання дзяржаўных моваў рэгулюецца законам “Аб мовах”, выкладзеным у новай рэдакцыі ад 13 ліпеня 19998 года. Паводле арт. 3 дадзенага Закона, грамадзянам РБ гарантуецца права карыстання іх нацыянальнымі мовамі. Згодна з арт. 6, усялякія прывілеі ці абмежаванні правоў асобы па па моўных прыкметах недапушчальныя. Публічная абраза дзяржаўных і іншых нацыянальных моваў, стварэнне перашкодаў і абмежаванняў у карыстанні імі, прапаганда варожасці па моўнай прыкмеце прадугледжваюць устаноўленую законам адказнасць.
Тое ж датычыць і палажэнняў Закона “Аб мовах”, якія рэгулююць ужыванне дзяржмоваў у справаводстве, органах пракуратуры, судах. Закон “Аб судаўладкаванні”, Грамадзянска-працэсуальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы вызначаюць, што мовамі судавытворчасці ў Беларусі з’яўляецца беларуская і (ці) руская.
Але, як адзначаюць праваабаронцы, такая фармулёўка на практыцы прыводзіць да таго, што грамадзянін, які звярнуўся ў суд на беларускай мове, вымушаны ўдзельнічаць у працэсе, які суд праводзіць па-руску. Пры гэтым суддзі трактуюць сваё права на вядзенне суду на рускай мове, спасылаючыся менавіта на фармулёўкі вышэйзгаданых законаў.
На практыцы адсутнасць рэальных заканадаўчых гарантыяў забеспячэння роўнасці дзьвюх дзяржаўных моваў прыводзіць да сістэматычнай дыскрымінацыі беларускамоўных грамадзянаў краіны.