Перагляд справы аб прызнанні шэрагу публікацый у «ARCHE» экстрэмісцкімі прызначаны на 28 траўня
Пра гэта паведаміў у гутарцы з прэс-службай БАЖ адвакат з боку адказчыка Павел Сапелка. (Нагадаем, 7 траўня касацыйная інстанцыя — судовая калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда — вярнула справу на перагляд).
Паўторнае слуханне справы аб прызнанні № 7–8 часопіса «ARCHE-Пачатак» «экстрэмісцкімі матэрыяламі» па заяве ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці прызначана на 14-ю гадзіну. Справу будзе разглядаць суд Маскоўскага раёна г. Брэста.
Паколькі працэс распачынаецца «з нуля», пытанне пра тое, будзе ён адкрытым ці закрытым, мусіць быць таксама разгледжана наноў.
Між тым, КДБ па-ранейшаму настойвае на сваёй пазіцыі і даводзіць, што ў часопісе «ARCHE» ўтрымліваюцца звесткі, якія «дыскрэдытуюць дзейнасць органаў улады і кіравання Рэспублікі Беларусь». Брэсцкае ўпраўленне КДБ падрыхтавала пярэчанні на касацыйную скаргу адказчыка.
Публікацыі ў «ARCHE» «…ўзмацняюць сацыяльна-палітычную напружанасць і супрацьстаянне ў грамадстве, стымулююць дзеянні, накіраваныя на арганізацыю і ажыццяўленне масавых беспарадкаў, і тым самым ствараюць пагрозу Рэспублікі Беларусь у палітычнай сферы», — сцвярджаецца ў лісце начальніка УКДБ па Брэсцкай вобласці Леаніда Дзядкова ад 5 траўня.
«Да таго ж, — сцвярджае палкоўнік Дзядкоў, — дадзеная інфармацыйная прадукцыя прапагандуе дзеянні, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці па матывах палітычнай і ідэалагічнай варажнечы».