Сталі вядомыя абставіны затрыманьняў падчас пахаваньня ў Магілёве
13 верасьня 2005, пайшоў з жыцьця Уладзімер Падалян, першы сакратар Магілёўскага абкаму ПКБ. Прычынай сьмерці палітыка стаў інсульт, перанесены ім 9 верасьня.
У 2004 г. падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў У.Падалян вылучаўся кандыдатам у дэпутаты ад ПКБ па Магілёўскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе №73. Пасьля выбараў пад ціскам уладаў ён быў вымушаны звольніцца з працы і пакінуць пасаду намесьніка дырэктара Магілёўскага абласнога ліцэю №2.
14 верасьня, разьвітацца з Уладзімірам Падалянам прыйшло больш сотні чалавек, сярод якіх было шмат актывістаў маглёўскіх дэмакратычных арганізацыяў. Падчас разьвітаньня працэсія ўвесь час была аточаная супрацоўнікамі міліцыі ў форме й у цывільным. Асобамі ў цывільным вялася здымка падзеяў на відэа.
На шляху да могілак труну з целам У. Падаляна зьбіраліся даставіць да будынку абласнога ліцэю, ў якім нябожчык працаваў з часу ягонага заснаваньня, для таго, каб зь ім маглі разьвітацца ягоныя былыя супрацоўнікі. Але ўлады не дазволілі гэтыму адбыцца: заняткі ў ліцэі па загадзе з райвыканкама былі датэрмінова скончаныя, вучні ды настаўнікі “адпраўленыя па дамох”; дарога да навучальнай установы была заблякаваная аўтамабілямі ДАІ ды МУС, а таксама супрацоўнікамі камунальных служб, якім тэрмінова спатрэбілася “прыбраць тэрыторыю”. Калі працэсія выправілася да могілак, невядомы ў цывільным загадаў прыбіральшчыкам: “Яны зьяжджаюць, можаце заканчваць”.
Чатыры актывісты магілёўскіх дэмакратычных арганізацыяў не змаглі прыняць удзел у пахаваньні. Каля будынку ліцэю Рыгор Кастусёў (кіраўнік магілёўскай абласной арганізацыі ПБНФ), Барыс Бухель (юрыст магілёўскага аддзяленьня ПЦ “Вясна”), Валянціна Шчэтнікава (актывіст ПБНФ) і Ларыса Шукайла (актывіст КХП-БНФ) больш гадзіны былі заблякаваныя ў аўтамабіле сп. Кастусёва. Супрацоўнікі міліцыі ды супрацоўнікі ДАІ з розных падставаў ды зачэпак не давалі актывістам сыйсьці. Кіраваў затрыманьнем падпалкоўнік міліцыі, намесьнік загадчыка Кастрычніцкага РАУС г. Магілёва Шашкоў Пётар Георгіевіч. Толькі пасьля таго, як пахавальная працэсія вярнулася з могілак, актывісты былі вызваленыя. Рыгор Кастусёў лічыць, што міліцыянтам быў дадзены загад затрымаць іх, каб не дапусьціць ягонага мажліва рэзкага выступу на пахаваньні.