Беларуская недзяржаўная газета "Новы час" атрымала прэмію фонду "Цайт"
Беларуская недзяржаўная газета "Новы час" узнагароджана прэміяй нямецкага фонду "Цайт". Пра гэта БелаПАН паведаміў рэдактар выдання Аляксей Кароль.
Цырымонія ўручэння ўзнагароды адбылася 3 чэрвеня ў Осла (Нарвегія) у Нобелеўскім інстытуце.
Сярод лаўрэатаў гэтага года два журналісты з Расіі: Зоя Светава, якая піша аб правах чалавека, а таксама Раман Шляйноў, рэдактар аддзела расследаванняў у "Новой Газеце".
Лаўрэатамі гэтага года сталі таксама журналіст з Азербайджана Націк Гавадлі і штодзённая газета "Азадлыг" (Azadliq), армянская журналістка Марыяна Грыгаран і грузінскі штотыднёвік "Батумелебі", які выдаецца ў Батумі.
"Нам вельмі прыемна, што мы аказаліся ў такой ганаровай кампаніі — тых, хто здолеў у нашы цяжкія часы выжыць, не здавацца і абараняць ідэалы незалежнай журналістыкі. Мы разглядаем гэтую прэмію як салідарнасць з намі міжнароднай журналістыкай грамадскасці, якая хоча і прыкладае ўсе намаганні да таго, каб нашы ўмовы працы былі не горшыя, чым у Еўропе", — сказаў Кароль.
Прэмія фонду "Цайт" з'яўляецца штогадовай узнагародай, якая прысуджаецца па выніках конкурсу сярод журналістаў і СМІ Расіі, Беларусі, Украіны, Грузіі і Паўночнага Каўказа, якія ў сваёй працы выступаюць за свабоду слова і ліберальную грамадзянскую супольнасць. Прэмія была заснавана ў 2000 годзе ў гонар юрыста, журналіста і выдаўца Герда Буцэрыуса.
У мінулыя гады прэмію атрымалі беларускія журналісты Мікалай Маркевіч, Ася Трацюк, Святлана Калінкіна, газеты "Брестский курьер", "Белорусская деловая газета", "Народная воля", "Белорусский рынок", "Свободные новости", "Солидарность", "Ежедневник" і іншыя.
У 2008 годзе А.Кароль быў узнагароджаны прэміяй імя Найта "за якасную журналістыку ў цяжкіх умовах", паведамляе БелаПАН.