viasna on patreon

Прынятая рэзалюцыя круглага стла “Захаванне правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь”

2009 2009-06-10T12:44:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stol1.jpg

Удзельнікі круглага стала, правядзенне якога 9 чэрвеня ў Мінску ініцыявала партыя “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя”, канстатавалі факты сістэмнага парушэння правоў на свабоду сумлення грамадзян Беларусі.

Акрамя канстатацыі гэтых фактаў, рэзалюцыя змяшчае наступныя пункты:

- Звярнуцца да дзяржаўных органаў з патрабаваннем спыніць практыку парушэння правоў грамадзян Беларусі на свабоду сумлення і прывесці Закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” у адпаведнасць з міжнароднымі нормамі;

- Звярнуцца да еўрапейскіх структураў, у прыватнасці да прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Беларусі, з прапановай арганізаваць круглы стол па пытаннях свабоды сумлення  з удзелам прадстаўнікоў канфесій, грамадства і дзяржавы;

- Заклікаць беларускія ўлады перагледзець сваё рашэнне па справе царквы “Новае жыццё” і пакінуць будынак ва  ўласнасці вернікаў дзеля магчымасці рэалізацыі імі свайго канстытуцыйнага права на свабоду веравызнання;

- Заклікаць беларускае грамадства і міжнародную супольнасць да салідарнасці з царквой “Новае жыццё” і тымі, хто церпіць пераслед ад парушэння правоў на свабоду сумлення ў Беларусі.

Рэзалюцыя будзе накіравана ў Мінгарвыканкам, Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Адміністрацыю прэзідэнта і прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Беларусі.

Факты парушэння правоў вернікаў доўга шукаць не прыйшлося. "Толькі за апошні год мы ведаем аб некалькіх фактах прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці за "несанкцыянаванае" чытанне Бібліі або правядзенне сумесных малітваў. У наяўнасці сур'ёзная праблема з замежнымі святарамі: улады Беларусі ўсё часцей сталі высылаць іх за межы краіны. Рэлігійным абшчынам усё цяжэй атрымаць рэгістрацыю або легалізаваць сваю дзейнасць", — паведаміла юрыст Дзіна Шаўцова.

Што да сітуацыі з царквой “Новае Жыццё, то, як лічыць юрыст царквы Сяргей Луканін, улады імкнуцца яе знішчыць, бо баяцца амбіцыйных планаў аб'яднання. "У царквы ёсць практыка вывешвання на сваёй тэрыторыі некаторых сцягоў. На адным з іх была лічба — 500.000. Гэтая лічба азначала тое, якую колькасць жыхароў Мінска царква мела намер прывесці да Хрыста. І я думаю, што такія мэты ўладу проста напалохалі. Нам таксама гаварылі, што калі столькі людзей патрапяць пад уплыў аднаго чалавека або групы людзей, то гэта ўжо з'яўляецца пытаннем нацыянальнай бяспекі", — сказаў Луканін.

Але ж "царква — гэта не палітычная арганізацыя. Няўжо можа пагражаць дзяржаве дзейнасць царквы па прадухіленні абортаў, скасаванняў шлюбаў, падлеткавай злачыннасці, наркаманіі, алкагалізму? Ні ў якім разе. Гэта, наадварот, на карысць дзяржаве".

Сустаршыня партыі "Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі падкрэсліў, што царква "Новае жыццё" была адзінай афіцыйнай рэлігійнай арганізацыяй, якая падтрымала збор подпісаў за змену закона "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях". "Гэты закон істотна абмяжоўвае правы жыхароў Беларусі на свабоду сумлення. Было сабрана больш за 50 тысяч подпісаў за яго змену. Вядома, нам дапамагалі і іншыя цэрквы, але толькі "Новае жыццё" заявіла аб падтрымцы афіцыйна", — сказаў Рымашэўскі.

Нагадаем, што 14 траўня дырэктар ЖРЭА Маскоўскага раёна Мінска Дзмітрый Шашок прапанаваў вернікам да 1 чэрвеня вызваліць будынак па вуліцы Кавалёва, 72. На агульным сходзе вернікі аднагалосна прагаласавалі супраць гэтай прапановы. Сваю пазіцыю яны матывавалі тым, што рашэнне пытання аб выдзяленні абшчыне новага зямельнага ўчастку зойме да двух гадоў і запатрабуе ад царквы не менш як 100 тыс. долараў ЗША, а ўзвядзенне новага храма — ад 3 да 5 млн. долараў. На паседжанні круглага стала было падкрэслена, што дзякуючы малітвам і пакутам, праз якія прайшла абшчына, зямля, на якой стаіць будынак царквы, стала святой.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства