viasna on patreon

Абвяшчаецца конкурс на ўдзел у “летняй моладзевай акадэміі правоў чалавека і дэмакратычных ініцыятыў”

2009 2009-06-17T16:05:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/partn_transgran.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Хельсінкскі Фонд па Правах Чалавека (Польшча) і Праваабарончы цэнтр “Вясна” (Беларусь) абвяшчаюць набор на ўдзел у міжнароднай праграме “ЛЕТНЯЯ МОЛАДЗЕВАЯ АКАДЭМІЯ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА І ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ІНІЦЫЯТЫЎ”, якая будзе праходзіць у Польшчы з 16 па 25 жніўня 2009 года.

 

У Акадэміі прымуць удзел 25 моладзевых актывістаў з Польшчы, Германіі, Беларусі, Украіны і Расіі (Калінінградская вобласць). З кожнай краіны на падставе пададзеных анкет шляхам правядзення конкурсу будзе адабрана па 5 кандыдатаў. Працоўная мова Акадэміі - руская.

 

Да ўдзелу ў конкурсе ад Беларусі запрашаюцца выпускнікі беларускіх нацыянальных адукацыйных праваабарончых праграм для моладзі, найперш – “Беларускай праваабарончай школы”.

 

Прэтэндэнты  павінны адпавядаць наступным крытэрам:

  • узрост - ад 18 да 25 гадоў
  • наяўнасць базавых ведаў па правах чалавека і дэмакратыі, удзел у нацыянальных адукацыйных праваабарончых праграмах
  • актыўны ўдзел у грамадскім сектары
  • зацікаўленасць праблематыкай правоў чалавека чалавека і дэмакратыі
  • жаданне прадпрымаць дзеянні на карысць партнёрства і трансмежнага супрацоўніцтва
  • веданне рускай мовы – працоўнай мовы праекта
  • тэрмін дзеяння пашпарта павінен заканчвацца не раней за 27 лістапада 2009 года

 

Праграма Акадэміі накіравана на фармаванне праграмадскіх падыходаў у моладзі праз папулярызацыю каштоўнасцяў дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці і правоў чалавека; узмацненне актыўнасці на лакальным, рэгіянальным і трансмежным узроўнях; развіццё ўменняў правядзення дзеянняў, накіраваных на грамадскія інтарэсы; стварэнне нефармальнай сеткі супрацоўніцтва паміж усімі ўдзельнікамі праекту; абмен і атрыманне вопыту ў правядзенні лакальных дзеянняў; разуменне рэальнай сітуацыі ў суседніх краінах; развіццё зацікаўленасці правядзення сумесных трансмежных праектаў.

 

Планаванымі тэмамі Акадэміі, у тым ліку, будуць: дэмакратычная дзяржава; правы і свабоды чалавека і іх гарантыі; спецыфіка абароны правоў чалавека ў краінах з рознымі палітычнымі сістэмамі; роля няўрадавых арганізацый падчас пабудовы дэмакратычнай прававой дзяржавы і развіцці сістэм прававой абароны грамадзян; мясцовае самакіраванне як інструмент дэцэнтралізацыі ўлады ў дзяржаве; грамадзянская актыўнасць як праява дэмакратызацыі грамадска-палітычнай сістэмы дзяржавы; канфлікт як грамадская з’ява; спецыфіка грамадскіх і палітычных канфліктаў у краінах і грамадствах удзельнікаў праекту; планаванне стратэгіі і дзеянняў няўрадавых арганізацый у падтрымку пэўных грамадскіх інтэрасаў і інш.

 

“Летняя моладзевая акадэмія правоў чалавека і дэмакратычных ініцыятыў” праводзіцца ў рамках партнёрскага праекту “Прасоўванне дэмакратычных стандартаў праз фармаванне трансмежных моладзевых лідэрскіх супольнасцяў”.

 

Праект рэалізуецца Хельсінкскім Фондам па Правах Чалавека (Польшча) сумесна з партнёрскімі арганізацыямі: Нямецка-Рускі Абмен (Германія), Праваабарончы Цэнтр “Вясна” (Беларусь), Праваабарончы Цэнтр “Поступ” (Украіна), Моладзевая грамадская арганізацыя “Цунамі” (Расія).

 

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна запоўніць анкету і даслаць яе на адрас беларускага каардынатара праграмы (belschool@gmail.com). У полі “тэма” вашага электроннага ліста павінна быць адзначана “летняя Акадэмія”.

 

Заяўкі на ўдзел у конкурсе павінны быць дасланы прэтэндэнтамі да 28 чэрвеня 2009 года (уключна). Заяўкі, дасланыя пазней названага тэрміну, разглядацца не будуць.

Пра вынікі конкурсу прэтэндэнтам будзе паведамлена да 10 ліпеня 2009 года.

 

Арганізатары Акадэміі бяруць на сябе расходы на аплату віз, транспартных выдаткаў (цягнік, аўтобус) і забяспечваюць пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў у Польшчы.

 

Адказы на ўсе дадатковыя пытанні вы можаце атрымаць па электронным адрасе: belschool@gmail.com.

Беларускі каардынатар праекта Таццяна Рэвяка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства