Суд не задаволіў пазоў Галіны Юбко да “СБ- Беларусь сегодня”
Суд Савецкага раёну Менску пачаў разгляд пазову Галіны Юбко да газэты адміністрацыі прэзыдэнта “СБ — Беларусь сегодня”. Актывістка грамадзкай ініцыятывы патрабуе абвяржэньня зьвестак, якія лічыць для сябе зьневажальнымі.
Галіна Юбко ўваходзіць у грамадзкую ініцыятыву “Жанчыны супроць беззаконьня ў судох”. Тут аб’ядналіся каля ста жанчын, незадаволеных рашэньнямі судовых і праваахоўных органаў. Адны жанчыны дамагаюцца перагляду крымінальных прысудаў сваім сваякам, другія незадаволеныя тым, што не заведзеныя крымінальныя справы на іх крыўдзіцеляў, некаторыя нязгодныя з судовымі рашэньнямі па грамадзянскіх справах. У Галіны Юбко — свая гісторыя, якая не падпадае і пад гэтую катэгорыю: у яе забілі родную сястру, саму спадарыню Юбко прызналі пацярпелай. Але першую справу закрылі, бо, паводле сьледзтва, вінаваты памёр у сьледчым ізалятары. Галіна Юбко падазрае іншага чалавека, піша скаргі, на якія, як яна пераканана, атрымлівае адпіскі. 18 лютага карэспандэнт “Советской Белоруссіі” Віктар Панамароў надрукаваў артыкул “Ня веру!”, у якім напісаў, што нібыта гэта аб’ядналіся пераважна жанчыны, у якіх сваякі “забойцы” і зараз яны дамагаюцца адмены прысудаў “празь сьлёзы, мольбы і ціск на правасудзьдзе”. Галіна Юбко такія зьвесткі ўспрыняла як паклёп і абразу:
“Але я з гэтым не пагадзілася і лічу, што закранутыя мае гонар і годнасьць. Бо насамрэч я не сваячка асуджанага, я сама пацярпелая. Забілі і спалілі маю сястру”.
Сёньня на працэс у Савецкі суд прыйшло болей за 20 жанчын, якія падтрымліваюць Галіну Юбко і лічаць, што іх таксама абразіў артыкул Віктара Панамарова. Юрысконсульт газэты Аляксей Шпілеўскі на пытаньне судзьдзі Сяргея Сякліцкага пацьвердзіў ранейшую пазыцыю: што пазову Галіны Юбко рэдакцыя не прызнае. Сам аўтар артыкула патлумачыў, чаму ён у артыкуле наўмысна ня згадваў ніводнага прозьвішча:
“Ну што тут сказаць? Тут сабраліся тыя, у каго здарылася драма, трагедыя. Я ведаў гэта і пісаў гэтак, каб максымальна нікога не закрануць”, — сказаў Віктар Панамароў.
Галіна Юбко патлумачыла суду, чаму лічыць артыкул Віктара Панамарова абразай: бо той напісаў пра іх, і пра яе ў тым ліку, што аб’ядналіся сваякі забойцаў, між тым як яна змагаецца за асуджэньне забойцаў і ніколі не падпісвала б калектыўных скаргаў з такімі асобамі. Жанчына патрабуе праз суд публікацыі аб’ектыўнага артыкула пра справы актывістак ініцыятывы.
Падчас судовага паседжаньня судзьдзя Сяргей Сякліцкі выдаліў з залі Ніну Шмялёву. Жанчына дрэнна чуе, яна ўголас падала некалькі рэплік, якія судзьдзя ўспрыняў як парушэньне парадку. Ніна Шмялёва — інвалід першай групы, яна страціла здароўе ў выніку злачыннай нядбайнасьці дактароў. Яшчэ ў 2002 годзе, падчас другой прэзыдэнцкай кампаніі асабіста перадала скаргу Аляксандру Лукашэнку і дамаглася суду над лекарамі. А вось экспэрты, якія далі ілжывае мэдычнае заключэньне, як лічыць Ніна Львоўна, дагэтуль незаконна пазьбягаюць пакараньня. Сёньня ў суд Ніна Шмялёва прыйшла, каб пагаварыць з журналістам Віктарам Панамаровым:
“Я на гэтую газэту не падпісаная, я яе купіла. Сказалі, што ёсьць такі артыкул. Я набіраю рэдакцыю „Советской Белоруссіі“, набіраю тэлефон Панамарова і пытаюся: чаму вы напісалі, нібыта там сваякі адных бандытаў? А ён мне кажа: я ўжо забыў, што напісаў, я ўжо пішу іншы артыкул”.
Нагадаць гэтую размову журналісту “СБ — Беларусь сегодня” жанчына-інвалід пакуль не змагла.
Урэшце суд Савецкага раёну адмовіў Галіне Юбко ў задавальненьні яе пазову да газэты адміністрацыі прэзыдэнта “СБ- Беларусь сегодня” і супрацоўніка газэты Віктара Панамарова. Судзьдзю Сяргею Сякліцкаму для вынясеньня гэтага рашэньня спатрэбілася 10 хвілінаў разважаньняў у асобным пакоі. Галіна Юбко ўжо заявіла, што будзе абскарджваць рашэньне у Менскім гарадзкім судзе.
За апошнія месяцы гэта ня першы працэс супроць газэты адміністрацыі прэзыдэнта. Нагадаем, у сакавіку ў Салігорску павесілася праваабаронца Яна Палякова, якая лічыла, што яе незаконна перасьледавала міліцыя. За два дні да сьмерці Паляковай у газэце “СБ — Беларусь сегодня” зьявіўся артыкул, у якім згадвалася Яна Палякова ды іншыя беларускія праваабаронцы. Адзін зь іх, Алег Воўчак, у траўні спрабаваў прыцягнуць да адказнасьці аўтара артыкула, нейкага Ксенафонта Суперфасфатава. Алег Воўчак палічыў, што яго абразілі, але суд пазоў праваабаронцы не задаволіў.