Нідэрляндзкія палітыкі занепакоеныя перасьледам беларускіх геяў
У Нідэрлядах занепакоеныя выкананьнем правоў сэксуальных меншасьцяў у Беларусі і Расеі.
“Нідэрлянды будуць і ў далейшым пільна адсочваць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Гэта тычыцца, у тым ліку і правоў сэксуальных ды іншых меншасьцяў”, -- гэткімі словамі галяндзкі міністар замежных спраў Максім Вэрхагэн адказаў на запыт дэпутатаў.
Нідэрляндзкія палітыкі выказалі занепакоенасьць адносна перасьледу ў Беларусі тых грамадзянаў, якія адкрыта пазыцыянуць сваю належнасьць да сэксуальных меншасьцяў і бяруць удзел у розных адмысловых акцыях, уключна з апошнім гей-парадам у Маскве.
Паводле Вэрхагэна, Нідэрлянды, Эўразьвяз ды іншыя эўрапейскія структуры выказваюць вялікую ўвагу да гэтай праблемы. Міністар падкрэсьліў, што яго краіна неаднойчы выказвала сваю занепакоенасьць з правамі гомасэксуалістаў у постсавецкіх краінах у Камітэце міністраў Рады Эўропы. Сяброўства ў гэтай арганізацыі, як вядома, Беларусь імкнецца аднавіць. Нідэрлянды актыўна ўдзельнічаюць у стварэньні адпаведных рэкамэндацый па барацьбе з дыскрымінацыяй сэксуальных меншасьцяў у краінах-сябрах Рады Эўропы.