Алесь Бяляцкі: Патрабаванне ПАРЕ - дадатковы стымул для сяброў “Вясны” працягваць сваю працу
Пытанне пра рэгістрацыю праваабарончай арганізацыі “Наша Вясна” стаіць асобным пунктам у рэзалюцыі ПАРЕ, што прадугледжвае вяртанне беларускаму парламенту статуса спецзапрошанага.
У дакуменце гаворыцца, што, нягледзячы на некаторыя пазітыўныя крокі, сітуацыя ў Беларусі па-ранейшаму насцярожвае.
У прыватнасці адзначаецца, што выклікае заклапочанасць сітуацыя з свабодай асацыяцыяў: “нават улічваючы тое, што апазіцыйны палітычны рух “За свабоду!” быў нарэшце зарэгістраваны ў снежні 2008 году, іншыя апазіцыйныя і праваабарончыя арганізацыі па-ранейшаму сутыкаюцца з перашкодамі пры спробе атрымання рэгістрацыі ад Міністэрства юстыцыі; апошнім прыкладам з’яўляецца сітуацыя з праваабарончай арганізацыяй “Наша Вясна” – яе сябры рызыкуюць трапіць пад крымінальны пераслед за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі паводле Артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэксу”.
Звяртаючыся да беларускіх уладаў з перакананнем, што “дыялогу можна дасягнуць толькі праз няспынны прагрэс Беларусі на шляху да выканання стандартаў Рады Еўропы”, Асамблея заклікае ў тым ліку і да “прадастаўленьня рэгістрацыі праваабарончай арганізацыі “Наша Вясна”.
Як адзначыў Алесь Бяляцкі, кіраўнік праваабарончага аб’яднання, якое стваралася сябрамі ліквідаванага беларускімі ўладамі ў кастрычніку 2003 г. Праваабарончага цэнтру “Вясна”, гэтае патрабаванне Асамблеі з’яўляецца дадатковым стымулам для сяброў “Вясны” працягваць сваю працу.
- Для сяброў “Вясны” гэта дадатковы стымул працягваць сваю працу.
І ўвогуле, тое, што ПАРЕ звярнула ўвагу на праблемы з правам на асацыяцыю ў Беларусі, вельмі істотны момант. Гэта яшчэ раз пацвердзіла, што стандарты захавання правоў чалавека ў Радзе Еўропы стаяць на высокім узроўні. І калі беларускія ўлады думаюць, якім чынам аднавіць і падвысіць свой статус у Радзе Еўропы, то сітуацыю з рэгістрацыяй няўрадавых арганізацыяў трэба будзе вырашаць каардынальна. Бо сітуацыя ў краіне ненармальная. Калі ўзяць любую краіну СНД, напрыклад, Арменію, то там колькасць зарэгістраваных арганізацыяў на душу насельніцтва ў 10 разоў вышэйшая ў параўнанні з Беларуссю. Я думаю, што гэтыя лічбы гавораць самі за сябе, - сказаў Алесь Бяляцкі.