Мінаблсаюздрук скасаваў дамову з "Барысаўскімі навінамі" незаконна?
Актывісты Руху даслалі ліст з адпаведнымі доказамі кіраўніцтву дзяржаўнага манапаліста па продажу друкаванай перыёдыкі.
Актывісты Руху "За Свабоду" Сяргей Салаш і Алег Мацкевіч нагадваюць дырэктаркі ГРУП "Мінаблсаюздрук", што скасаванне дамовы на продаж газеты магчымае толькі па згодзе бакоў, па рашэнню суда "пры істотным парушэнні дамовы іншым бокам", праз якое наносіцца істотная шкода, альбо ў іншым выпадку, які прадугледжаны дамовай.
Паводле дамовы, распаўсюднік можа разарваць дамову па ўласнай ініцыятыве ў выпадку падзення попыту на выданне і паведаміць пастаўшчыку за 10 дзён да разрыву супрацоўніцтва.
Мінаблсаюздрук у якасці прычын скасавання дамовы назваў тое, што пастаўшчык загадзя не паведаміў аб падвышэнні адпускнога кошту на газету, з-за чаго, нібыта распаўсюднік панёс вялікія страты. У лютым дырэктарка Мінаблсаюздруку спыненне супрацоўніцтва з "Барысаўскімі навінамі" тлумачыла эканамічнай немэтазгоднасцю.
Як адзначаюць у сваёй заяве актывісты Руху, "Мінаблсаюздрук" не толькі не звярнуўся ў суд дзеля скасавання дамовы, але і не панёс фінансавых страт ад супрацы з "Барысаўскімі навінамі", бо попыт на газету рос, а вяртанне непрададзеных экзэмпляраў было ў межах 1-2%.
На думку актывістаў Руху, перапыненне супрацы дзяржаўнага манапаліста па распаўсюду перыядычных выданняў з незалежнай газетай парушае канстытуцыйныя правы грамадзян на атрыманне інфармацыі.
Сяргей Салаш і Алег Мацкевіч патрабуюць ад кіраўніцтва ГРУП "Мінаблсаюздрук" пры адсутнасці законных падставаў скасавання дамовы аднавіць гаспадарчыя сувязі з выданнем "Барысаўскія навіны".