viasna on patreon

Сацыяльны пікет аб’яднанай апазіцыі

2009 2009-07-22T19:56:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/adc.jpg

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы мяркуюць правесці 30 верасня ў Беларусі агульнанацыянальны сацыяльны пікет, пра што было вырашана на паседжанні прэзідыюма палітрады АДС 22 ліпеня.

Сустаршыня прэзідыюма АДС Анатоль Лябедзька распавёў падрабязнасці запланаванай акцыі:

“Гэта працяг кампаніі па давядзенню Антыкрызіснай платформы да грамадзян Беларусі. Зараз мы праводзім інфармацыйную кампанію на завадскіх прахадных, а ў верасні плануем правесці антыкрызісны Сацыяльны пікет, які насамрэч будзе складацца з 500 ці нават з 1000 пікетаў – гэта прыкладна столькі заявак будзе пададзена ў гэты дзень, як правіла, па месцы жыхарства сяброў кааліцыі. Для гэтага на кожны пікет нам спатрэбяцца па 300-500 асобнікаў газет і ўлётак і літаральна два-тры чалавекі. Такая праца распачынаецца ўжо з сённяшняга дня, заяўкі будуць пададзены, і, нягледзячы на тое, якая будзе рэакцыя ўлад, дазволяць яны ці не дазволяць, нашы калегі і мы самі такую работу правядзём. Самае галоўнае – гэта яшчэ раз сказаць людзям, што ў нас ёсць антыкрызісная платформа, і мы зацікаўлены, каб пра нашы прапановы ведала як мага большая колькасць людзей”.

На чым вы збіраецеся асабіва акцэнтаваць увагу людзей?

Мы акцэнтуем увагу на тым, што ў нас розныя падыходы да крызісу ў Беларусі: улада робіць стаўку выключна на крэдыты, а мы робім акцэнт на рынкавыя рэформы ў краіне, і мы лічым, што чым больш улада будзе звязваць свае спадзяванні з крэдытамі, тым большым будзе інтарэс да нашых прапаноў. Таму што толькі аднымі крэдытамі гэту праблему нельга будзе вырашыць. Павінен быць комплекс захадаў, яны выкладзены ў Антыкрызіснай платформе, пра якую мы гаворым ужо не адзін месяц.

Вы ўжо зараз праводзіце асобныя акцыі ля прахадных беларускіх заводаў. Якая рэакцыя на вашы дзеянні на месцах, як людзі ставяцца да такіх мерапрыемстваў?

Рэакцыя на тое, што мы раздаем антыкрызысныя прапановы АДС, у пераважнай большасці людзей станоўчая. Вось толькі адзін выпадак, калі рабочыя Трактарнага завода літаральна адбілі нас ад міліцыянтаў, якія прыехалі нас забіраць, гэта адно ўжо сведчыць пра адносіны людзей, якія працуюць на прадпрыемствах.

Хаця не ўсё атрымліваецца гладка. Апошняя спроба раздаць нашы матэр’ялы на прахадной БелАЗа атрымалася толькі чаткова, бо калі мы туды прыехалі, нас ужо чакалі чатырнаццаць чалавек у цывільным і ў форме, і як я разумею, іх галоўная задача была не даць нам раздаць інфармацыйныя матэр’ялы тым, хто выходзіў пасля завяршэння працоўнай змены. Шэсць чалавек нас забралі і запакавалі ў міліцыю, дзе пратрымалі пэўную колькасць часу. Адпусцілі толькі тады, калі скончылася змена. Мы ўсё ж распаўсюдзілі газеты, але гэта ўжо было па паштовых скрынках. Таму рэакцыя розная. Я думаю, што ўлада вельмі нервова рэагуе на гэтыя прапановы, тым больш што ў нас на восень бягучага году запланавана яшчэ адно мерапрыемства – правядзенне такой шарокай нарады, схода прадстаўнікоў працоўных калектываў. Мы хочам з імі параіцца, і яны хочуць выказаць свае адносіны і да эканамічнай сітуацыі, і да антыкрызісных прапаноў. Таму мы на кастрычнік плануем такое шырокае мерапрыемства, такую шырокую нараду, дзе будзе што сказаць і прадстаўнікам працоўных калектываў, і нам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства