viasna on patreon

Гары Паганяйла: «Амністыя пухавіцкіх забойцаў - гэта проста здзек з права»

2009 2009-07-24T10:57:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pahaniajla2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы заяўляюць, што амністыя забойцаў пухавіцкага падпальшчыка можа стварыць ілюзію беспакаранасці за здзяйсненне асабліва цяжкіх злачынстваў.

Як вядома, 9 ліпеня Аляксандр Лукашэнка памілаваў 21 прысуджанага да пазбаўлення волі, аднак гэты ўказ «засакрэчаны» і не апублікаваны на сайце прэзідэнта.

Сярод іншых Лукашэнка памілаваў жыхароў вёскі Пухавічы (Гомельская вобласць), якія здзейснілі нашумелае жорсткае забойства. Амністыю Сяргея Аліфяровіча і Ігара Макарэвіча сайту www.charter97.org пракаментаваў вядомы беларускі юрыст, праваабаронца Гары Паганяйла.

«Складана ацэньваць маразм, які дэманструюць вышэйшыя службовыя асобы нашай краіны, -- кажа праваабаронца. -- Лукашэнка як кіраўнік дзяржавы мае права амніставаць любога чалавека. Але мы не памятаем, каб за 15 гадоў ён памілаваў забойцаў. Калі яны і падпадалі пад амністыю, дык ім максімум замянялі меру адбыцця пакарання. Але вызваліць ад адказнасці забойцаў, якія здзейснілі асабліва цяжкое злачынства, для мяне гэта гучыць як прававы маразм».

Гары Паганяйла абураны, што забойцы, якія падпадаюць па беларускім заканадаўстве пад вышэйшую меру пакарання, не адбылі ніводнага дня ў месцах пазбаўлення волі.

«Гэта ўжо нават не папулізм, -- ацэньвае юрыст рашэнне Аляксандра Лукашэнкі. -- Трэба паставіць сябе на адну дошку з гэтымі нягоднікамі, каб прыняць такое рашэнне. Гэта супярэчыць маральнай логіцы. Ні ў адной цывілізаванай краіне прэзідэнт не можа публічна ўмяшацца ў судовую дзейнасць. Гэта само па сабе з'яўляецца парушэннем закона. А ў выпадку з пухавіцкімі забойцамі суд падпарадкаваўся выканаўчай уладзе і не ажыццявіў вынесены прысуд. Людзі, якія здзейснілі асабліва цяжкое злачынства, павінны былі адбываць пакаранне, а іх утрымлівалі пад хатнім арыштам».

Праваабаронца адзначае, што беларуская сістэма амністуе забойцаў і душыць іншадумства.

«Калі ў краіне ўжываюцца меры крымінальнай юстыцыі для барацьбы з палітычнымі апанентамі і адначасова амністуюць жорсткіх забойцаў, гэта шакіруе, -- заяўляе Гары Паганяйла. -- Амніставаць забойцаў нельга - гэта не акт гуманнасці. Падобная празмерная «мяккасць», якую прадэманстраваў Лукашэнка, выклікае ў людзей не агульную прэвенцыю, а спараджае ілюзію, што за здзяйсненне асабліва цяжкога злачынства можна застацца беспакарным. Нашая краіна і без таго наперадзе планеты ўсёй па колькасці забойстваў, якія здзяйсняюцца. Таму амністыя забойцаў - гэта проста здзек з права».

Нагадаем, што Сяргей Аліфяровіч і Ігар Макарэвіч былі прысуджаныя адпаведна да 5 і 3 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за забойства свайго аднавяскоўца Мікалая Макарэвіча, якога падазравалі ў падпалах.

Макарэвіч быў жорстка забіты. Яго ўдарылі сякерай па галаве, цела падпалілі і скінулі ў роў.

Аднак пасля вынясення прысуду асуджаных так і не этапавалі ў калонію, на працягу некалькіх месяцаў пасля суду яны знаходзіліся дома.

Напярэдадні суду Лукашэнка асабіста заступіўся за пухавіцкіх забойцаў і папрасіў старшыню Вярхоўнага суда паставіцца да забойцаў «як да сваіх родных людзей» і весці крымінальную справу «лаяльна».

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства