Няўрадавыя арганізацыі Магілёўшчыны ўхвалілі праект Канцэпцыі разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці
84 дэлегаты ад няўрадавых арганізацыяў Магілёўшчыны ўхвалілі распрацаваны Асамблеяй НДА праект Канцэпцыі разьвіцьця Грамадзянскае супольнасьці. Адпаведная рэзалюцыя была прынятая на абласным Форуме грамадзкіх арганізацыяў, зладжаным магілёўскай філіяй Асамблеі.
На выходных адбыўся Форум няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Магілёўшчыны. Прадстаўнікі некалькіх дзясяткаў аб’яднаньняў з усіх раёнаў вобласьці сабраліся разам, каб азнаёміцца з праектам Канцэпцыі разьвіцьця грамадзянскае супольнасьці, распрацаванай Асамблеяй НДА. Апроч таго, грамадзкія актывісты рэгіёна выказалі сваё стаўленьне да ініцыяванай ЭЗ праграмы “Ўсходняе Партнэрства”. Сацыяльна актыўныя магілёўцы, як вынікае з тэкста рэзалюцыі, перакананыя, што эфэктыўнасьць беларуска-эўрапейскага супрацоўніцтва магчымая толькі пры “наяўнасьці грамадзкага кантролю”. Арганізацыя такога кантролю зьяўляецца прыярытэтнай задачай для рэгіянальных структураў грамадзянскае супольнасьці на бліжэйшы час, мяркуюць падпісанты заявы. Магілёўцы заклікаюць дэмакратычныя сілы краіны “не спадзявацца на перамогу ў выпадку зьбегу абставінаў, а настойліва спрыяць пераменам да лепшага, тлумачыць людзям неабходнасьць і непазьбежнасьць сапраўдных рэформаў”.
Сябра Рады Магілёўскай абласной Асамблеі НДА Віталь Васількоў адзначае, што з арганізацыйнага пункту гледжаньня Форум прайшоў лепей, чымся папярэднія. “Галоўным вынікам сустрэчы сталася дэманстрацыя еднасьці дэмакратычных арганізацыяў рэгіёну. Удзельнікі Форума адчулі, што яны не засталіся сам-насам з праблемамі ў сваіх мястэчках і вёсачках”, -- падзяліўся ўражаньнямі ад праведзенага Форуму Віталь Васількоў.