Кіраўніка суполкі «Сведкі Іеговы» аштрафавалі на 1 мільён рублёў
12 жніўня суддзя Чыгуначнага раёна Гомеля Віталь Козыраў пакараў штрафам кіраўніка рэлігійнай суполкі «Сведкі Іеговы» Юрыя Рашэтнікава.
Юры Рашэтнікаў прызнаны вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў прыватнай хаце і аштрафаваны на 1 мільён 50 тысячаў беларускіх рублёў, перадае «Радыё Свабода».
Рашэтнікаў пракаментаваў рашэнне суда наступным чынам:
«Атрымліваецца, што для таго, каб сустрэцца і абмяркоўваць біблейскія тэмы, неабходны дазвол. Аднак 31-ы артыкул Канстытуцыі якраз гарантуе свабоду веравызнання. Я лічу, што ў гэтым выпадку нашыя правы былі абмежаваныя».
Суддзя Віталь Козыраў матываваў сваю пастанову спасылкамі на сведчанні ў судзе супрацоўнікаў адміністрацыі Чыгуначнага раёна, якія ўвечары 21 ліпеня знаходзіліся пры штурме міліцыі прыватнай хаты ў 1-м завулку Крупскай. Па словах сведак-міліцыянтаў, сход у хаце нібыта арганізаваў Рашэтнікаў.
У пастанове суда таксама адзначана, што прыватная хата «абстаўленая для правядзення рэлігійных мерапрыемстваў, пастолькі стаялі лавы, мелася літаратура суполкі «Сведкі Іеговы», пастаўленыя калонкі з мікрафонам. Дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў па пазначаным адрасе рэлігійная суполка «Сведкі Іеговы» не мела».
Юры Рашэтнікаў не прызнаў сваёй віны. Ён збіраецца аспрэчыць пастанову суда. Рашэтнікаў заявіў, што ў прыватнай хаце была сустрэча аднадумцаў, у тым ліку і чальцоў суполкі «Сведкі Іеговы». Арганізатарам яе ён не з'яўляўся, а прысутнічаў у якасці аднаго з удзельнікаў сустрэчы.
Нагадаем, што 21 ліпеня міліцыя сілай абшукала прыватную хату, дзе збіраліся вернікі і прыхільнікі неапратэстанцкай рэлігійнай суполкі «Сведкі Іеговы». Супрацоўнікі міліцыі пералезлі праз плот, адкрылі браму і зашлі на панадворак. Кіраваў аперацыяй маёр міліцыі Дзмітры Бондараў. Санкцыю на ператрус выдала пракуратура Чыгуначнага раёна.
Удзельнікі сустрэчы адмовіліся ўпускаць супрацоўнікаў міліцыі ў прыватную хату без яго ўладальніка. Але міліцыянты выклікалі мясцовых супрацоўнікаў МНС і з дапамогай «баўгаркі» распілавалі замок і ўвайшлі ў хату. Яны забралі музычную апаратуру і склалі супраць Юрыя Рашэтнікава пратакол аб парушэнні парадку арганізацыі масавага мерапрыемства.