viasna on patreon

Журналістаў НТВ дэпартавалі зь Беларусі

2009 2009-08-15T18:58:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ntvlogo.jpg

Расейскіх журналістаў абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі, а сёньня раніцай дэпартавалі з краіны.

У ноч на 15 жніўня яны завяршалі сваю камандзіроўку ў Беларусі і зьбіраліся адправіцца ў Маскву. Аднак знаходжаньне ў Менску скончылася даволі нечаканай разьвязкай. Увечары 14 жніўня супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным вывелі журналістаў з нумара гатэлю Міжнароднага адукацыйнага цэнтра, дзе яны спыніліся. Па словах пэрсаналу ўстановы, гэтыя ж людзі выпісалі Малкава і Бабенка з гатэлю, пасьля чаго адвезьлі ў адно з двух упраўленьняў унутраных спраў Маскоўскага раёну Менска. Аднак пасьля дзяжурныя абодвух участкаў аспрэчылі падобныя здагадкі.

Пазьней стала вядома, што Аляксея Малкава і Юрыя Бабенка супрацоўнікі спэцслужбаў адвезьлі ў аэрапорт. Там іх пратрымалі ўсю ноч, а першым ранішнім рэйсам адправілі ў Маскву. Прыблізна а 8 раніцы па менскім часе журналісты НТВ прыбылі ў расейскую сталіцу, аднак ад якіх-небудзь камэнтароў з нагоды беларускай камандзіроўкі пакуль устрымліваюцца.

Аляксей Малкаў і Юрый Бабенка прыехалі ў Беларусь некалькі дзён таму, каб здымаць фільм аб зьніклых людзях. Вядома, што журналісты ўзялі інтэрвію ў жонкі Віктара Ганчара Зінаіды Ганчар, а таксама ў маці Зьмітра Завадзкага Вольгі Рыгораўны.

Нагадаем: у траўні 1999 году быў выкрадзены былы міністар унутраных спраў Юры Захаранка, а ў верасьні гэтага ж году — экс-старшыня Цэнтравыбаркаму Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Летам 2000 году быў выкрадзены тэлеапэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. Іх лёс дагэтуль невядомы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства