viasna on patreon

Гары Паганяйла: «Справы аб знікненні беларускіх палітыкаў раскрыты на юрыдычным узроўні...»

2009 2009-08-18T17:59:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zniklyja.jpg

17 жніўня сваякі зніклых беларускіх палітыкаў і незалежныя юрысты, якія працуюць па гэтых справах, склікалі спецыяльную прэс-канферэнцыю. Справа ў тым, што сёлета — своеасаблівы “юбілей ганьбы” беларускай праваахоўнай сістэмы: дзесяць год, як у краіне зніклі вядомыя людзі, але злачынствы так і не раскрыты.
Увесь гэты час сваякі зніклых апанентаў Аляксандра Лукашэнкі марна дабіваліся аб’ектыўнага расследавання гэтых злачынстваў. Па вялікім рахунку ўлады не зрабілі нічога для таго, каб праўда аб іх стала вядомая шырокай грамадскасці. Хутчэй наадварот, паводзіны ўлады ў гэтых выпадках можна ахарактарызаваць як няўмелае замятанне слядоў і замоўчванне відавочнага...

Афіцыйны прадстаўнік сем’яў зніклых праваабаронца Гары Паганяйла лічыць, што ўладам выгадна замоўчваць праўду аб знікненнях, паколькі да іх могуць мець дачыненне вышэйшыя службовыя асобы Беларусі. “На сённяшні дзень тэрмін расследавання спраў аб забойствах Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі і Анатоля Красоўскага працягнуты, — гаворыць Гары Пятровіч. — Але па выніках расследавання канкрэтных звестак аб лёсах гэтых людзей мы не маем. Не мае гэтых вынікаў і следства. Здавалася б, знікненне экс-міністра МУС Юрыя Захаранкі, чалавека, які валодаў канфідэнцыяльнай інфармацыяй па многіх праблемах, павінна было б прымусіць улады да хутчэйшага расследавання гэтай справы. Аднак крымінальная справа па факце знікнення Юрыя Захаранкі была ўзбуджана толькі пасля знікненняў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага... Але за гэты час першапачатковыя сляды, магчымасці даказвання па справе былі страчаны. Дзяржава праявіла поўнае нежаданне да расследаванняў гэтых спраў, тым самым ускосна пацвердзіўшы праўдзівасць галоўнай версіі па справах зніклых: да гэтых злачынстваў маюць дачыненне вышэйшыя службовыя асобы Беларусі (нагадаем, беларуская і міжнародная дэмакратычная грамадскасць падазрае ў дачыненні да гэтых злачынстваў экс-камандзіра вайсковай часці 3214 Дзмітрыя Паўлічэнку, экс-генеральнага пракурора Віктара Шэймана, экс-міністраў МУС Уладзіміра Навумава і Юрыя Сівакова). Толькі гэтым можна патлумачыць бяздзейнасць як следчых органаў, так і адказных дзяржаўных асоб. Таму, калі глядзець на сітуацыю з юрыдычнага пункту гледжання, справы аб знікненнях палітыкаў раскрыты. Асобы, якіх падазраюць у здзяйсненні гэтых злачынстваў, устаноўлены. Калі б гэта было не так, то мы даўным-даўно атрымалі б абвяржэнне гэтай палітычна-матываванай версіі. Аднак улады, разумеючы, што вельмі моцны цяжар улік знойдзены грамадскасцю, не могуць нічога прыдумаць.Таму ў гэтай сітуацыі мы апасаемся, што ўлады знойдуць людзей, якіх прымусяць узяць віну па гэтых злачынствах на сябе альбо шляхам фальсіфікацыі ўлік, альбо абяцаннем не вельмі доўгага тэрміну зняволення. У нашай краіне гэта магчыма”.

Жонка зніклага палітыка Віктара Ганчара Зінаіда Аляксандраўна таксама непакоіцца, што па справе аб знікненні яе мужа могуць быць асуджаны невінаватыя людзі: “Мне паступалі тэлефанаванні аб тым, што ў некаторых РАУС з’явіліся фотаздымкі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Таксам вядома, што быццам бы вядуцца апытанні людзей аб тым, ці бачылі яны чырвоны “БМВ”, сляды якога былі знойдзены на месцы здарэння. Шчыра кажучы, імітацыя нейкіх актыўных дзеянняў выклікае смех. Прайшло дзесяць гадоў, многія людзі не помняць, што было ўчора, не гаворачы аб тым, што было дзесяць гадоў таму. Усе гэтыя рэчы насцярожваюць... Што тычыцца расследавання, то пасля з’яўлення рапарта Мікалая Лапаціка людзі, чые прозвішчы там былі названы, павінны былі быць дапытаны. У свой час мы атрымалі пастанову следчага Чумачэнкі, які раней вёў справу аб знікненні Віктара Ганчара, аб тым, што некаторыя з іх, за выключэннем Шэймана і Лукашэнкі, быццам бы былі дапытаны. Аднак усе нашы просьбы і спробы азнаёміцца з нейкім прамежкавым вынікам расследавання ні да чаго не прывялі. Больш за тое, следчы Вараўка, які зараз вядзе гэтую справу, на кантакт з намі ўвогуле не ідзе. Выключэнне складаюць толькі нічога не вартыя адпіскі...

Таму роўна за месяц да дзесятай гадавіны знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага мы разам з іншымі сваякамі зніклых вырашылі звярнуцца з лістом да Генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча, з тым каб даць яму магчымасць вельмі грунтоўна азнаёміцца з гэтымі справамі і ў любой даступнай для яго форме расказаць грамадскасці, што канкрэтна за дзесяць гадоў зроблена па гэтых справах... Таксама мы звярнуліся да дэпутатаў ПАСЕ, з тым каб яны запатрабавалі ад беларускіх калег разгледзець пытанне аб справах зніклых. Акрамя таго, мы звярнуліся да кіраўнікоў ЗША, Расіі, Францыі, Германіі, з тым каб яны запатрабавалі ад Лукашэнкі справаздачы, паколькі ён неаднаразова казаў, што справы зніклых знаходзяцца ў яго на асабістым кантролі...”

А вось маці зніклага аператара ГРТ Дзмітрыя Завадскага Вольга Рыгораўна больш за ўсё баіцца таго, што ў хуткім часе злачынствы будуць забыты. “Што тычыцца справы аб знікненні майго сына, то апошні раз яна была прыпынена тры гады таму, — нагадвае яна. — Як вы ведаеце, людзі, якія былі асуджаны за выкраданне, але не забойства майго сына, асуджаны, але віны сваёй яны не прызналі. Следчых дзеянняў па справе Дзмітрыя зараз не вядзецца. Усе спробы дабіцца азнаямлення са следчымі пратаколамі беспаспяховыя. Людзей асудзілі — улады супакоіліся. А вось вінаватыя яны ці не, судом, лічу, не даказана. Я з жахам думаю, што за даўнасцю часу ўсе гэтыя расследаванні папросту спыняцца, бо ўлады не зацікаўлены ў аб’ектыўным расследаванні спраў...”

У сваю чаргу старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што грамадства Беларусі не даруе злачынцам і не забудзе злачынствы ў дачыненні да апанентаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. “Людзі ў Беларусі ніколі і нікому не даруюць палітычныя забойствы, — лічыць ён. — Трэба разумець, што зараз ва ўзаемаадносінах афіцыйнага Мінска і міжнароднай супольнасці не засталося нязручных і некамфортных для ўлады пытанняў. Ёсць справа Аўтуховіча, але па ёй ідзе палеміка, ці палітычная гэта справа. Засталася толькі адна праблема, якую не можа прыбраць з парадку дня Брусель і якую не могуць абысці беларускія ўлады, — гэта арганізацыя знікненняў і магчымых забойстваў вядомых у Беларусі людзей. Час не знішчыць актуальнасць гэтай праблемы. У гэтай сувязі ў нас ёсць інфармацыя, што беларускія ўлады паспрабуюць знайсці “стрэлачнікаў”, з тым каб павесіць на іх абвінавачанні ў знікненнях палітыкаў. Знойдуць, можа быць, і выканаўцаў. Уладам трэба закрыць гэтае пытанне, і пажадана малой цаной. Гэтае пытанне будзе закрыта такім чынам, што на лаву падсудных не сядуць тыя, хто арганізоўваў злачынствы, хто аддаваў загады і распараджэнні... Справа ў тым, што да будучай прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнка паспрабуе выйсці ўвесь у белым, з тым каб да яго было як мага менш прэтэнзій. У гэтай сувязі тэма зніклых будзе актуалізавана, у тым ліку і прадстаўнікамі ўлады...”

Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь
Васілевічу Р.А.

Паважаны Рыгор Аляксеевіч!
Дзесяць гадоў ведамства, якое Вы ўзначальваеце, вядзе расследаванне таго, што адбылося з нашымі мужамі і сынамі.
Увесь гэты час органы расследавання і пракуроры па наглядзе дэманстравалі сваю няздольнасць эфектыўна расследаваць гэтыя злачынствы.
Бяздзейнасць улад, магчымая некампетэнтнасць следчых органаў працягваюць трымаць нас у невядомасці адносна лёсаў блізкіх нам людзей, што наносіць нам вялікія маральныя і фізічныя пакуты.
Тэрміны па справах шматразова працягваюцца без якіх-небудзь канкрэтных вынікаў. Справа ў дачыненні Дзмітрыя Завадскага прыпынена з 31.03.2006 года. Пастанова аб прыпыненні расследавання пацярпелым не ўручана, і мы пазбаўлены права на абскарджванне гэтага рашэння. Па іншых справах акрамя інфармацыі, што следства працягнута і аб выніках расследавання будзе паведамлена дадаткова, больш поўных і праўдзівых звестак не прадастаўляецца.
Улады яўна цягнуць час. У бліжэйшы час гэта прывядзе да таго, што справы будуць спынены ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці прыцягнення вінаватых да крымінальнай адказнасці.
Нядаўна кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю журналістам агучыў сваю версію прычын знікнення і былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, і выконваючага абавязкі старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (парламента) 13-га склікання, старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэферэндумаў Віктара Ганчара, і бізнесмена Анатоля Красоўскага, і журналіста Дзмітрыя Завадскага.
Мы хочам ведаць: што са сказанага з'яўляецца праўдай?
Мы хочам ведаць, якія вынікі расследавання, якое цягнецца ўжо дзесяць гадоў, але так і не праліла святло на лёс зніклых у Беларусі людзей.
Мы настойваем і патрабуем азнаёміць нас з працэсуальнымі дакументамі, у якіх адлюстраваны вынікі расследавання спраў з прававымі ацэнкамі і высновамі, указанымі ў іх.
Мы патрабуем, каб цягам бліжэйшага месяца -- да 16 верасня -- Вы зрабілі публічную справаздачу аб выніках расследавання. Вы можаце выбраць любую зручную для Вас форму (напрыклад, асабістую сустрэчу, інтэрв'ю недзяржаўным беларускім СМІ і гэтак далей), аднак хаваць ад нас праўду, прыкрываючыся разнастайнымі фармальнымі адгаворкамі і адпіскамі, недазваляльна.
Калі беларускія праваахоўныя органы не ў сілах расследаваць гэтыя злачынствы, мы гатовы дапамагчы ў прыцягненні да расследавання спецыялістаў з іншых краін.
Мы хочам, каб былі пакараны вінаватыя ў гэтых злачынствах.
Заклікаем Вас праявіць грамадзянскую мужнасць і прафесійную смеласць і праліць святло на прычыны злачынстваў, якія мелі вялікі рэзананс не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Вольга Завадская,
Зінаіда Ганчар,
Ульяна Захаранка.

Віталь Гарбузаў

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства