viasna on patreon

Эксперт FIDH: "Праваабаронцы гулялі на полі Мінюста і відавочна не мелі шанцаў выйграць"

2009 2009-08-21T19:10:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/karaceeu_k.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кірыл Карацееў даў ацэнку сітуацыі з нерэгістрацыяй Грамадскага праваабарончага аб'яднання "Наша Вясна" і становішчу няўрадавых арганізацыяў у Беларусі ў цэлым. Прадстаўнік Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) прысутнічаў на працэсе па скарзе праваабаронцаў у Вярхоўным Судзе ў якасці назіральніка для Абсерваторыі па абароне правоў праваабаронцаў (сумесная праграма FIDH (Парыж) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (Жэнева)). Рашэнне Вярхоўнага Суда эксперт назваў ганьбай беларускай юстыцыі.

Кірыл, пасля заканчэння працэсу па скарзе заснавальнікаў "Нашай Вясны" ў каментарах журналістам Вы назвалі рашэнне Вярхоўнага Суда ганьбай беларускай юстыцыі. Чым менавіта выкліканая такая эмацыйная ацэнка?

- Я назваў гэтае рашэнне ганьбай беларускай юстыцыі, але беларускай юстыцыі да гэтага не прывыкаць, мабыць.

З аднаго боку, ход працэсу паказваў на тое, што бакі мелі роўныя правы і магчымасці перад суддзёй. То бок, заяўнікі маглі прадстаўляць свой пункт гледжання і доказы ў яго падтрымку. Тое ж маглі рабіць Міністэрства юстыцыі і пракуратура. Суддзя гэтыя доказы даследаваў. Бакі мелі магчымасць каментаваць выступы, выказваючы сваё меркаванне наконт доказаў і аргументаў адзін аднаго. 

Але! Заяўнікі мелі ў якасці апанента не аднаго, а трох дзяржаўных прадстаўнікоў. Па-першае, уласна Мінюст, дзеянні якога яны абскардзілі. Па-другое, Генеральную пракуратуру, пракурор якой заключыла супраць задавальнення скаргі, пры гэтым нават не адлюстраваўшы ход судовых спрэчак. То бок, нягледзячы на тое, што яна прысутнічала на працэсе, было відавочна, што ёй гэты працэс не патрэбны, яна і так мела сваё, адмоўнае для заяўнікоў, меркаванне з нагоды скаргі. І, па-трэцяе, супраць заяўнікоў быў суд. Нават не суддзя асабіста, у мяне няма прэтэнзіяў да таго, як менавіта ён вёў працэс. Але беларускае заканадаўства дастаткова дакладна дае зразумець, што суддзі - іх прызначэнне на пасаду, любыя кар'ерныя рашэнні і звальненне - залежаць ад Міністэрства юстыцыі. Міністэрства юстыцыі кіруе суддзямі ў Беларусі - гэта запісана ў Кодэксе пра судаўладкаванне і статус суддзяў. Таму ў суда адсутнічала такое важнае патрабаванне, як аб'ектыўная незалежнасць.

А як Вы ацэньваеце матывіроўку судовага рашэння?

- Пракурор у сваім заключэнні і суддзя ў рашэнні назвалі дзве асноўныя прэтэнзіі да дакументаў, пададзеных "Нашай Вясной", якія, на іх думку, дазваляюць адмовіць арганізацыі ў рэгістрацыі. Гэта недакладныя дадзеныя пра заснавальнікаў арганізацыі і юрыдычная недакладнасць у складанні гарантыйнага ліста пра здачу ў арэнду арганізацыі памяшкання ў выпадку яе рэгістрацыі.

Што да недакладных звестак пра заснавальнікаў, то недакладнасці гэтыя былі такога кшталту, як, напрыклад, няправільна ўказанае месца працы. Замест "таварыства з абмежаванай адказнасцю" было напісана "адкрытае акцыянернае таварыства ", "кіраўнік секцыі" - замест "кіраўнік кружка" і падобныя недахопы. Перашкодай у праверцы памяшкання з боку яго ўладальніка было названа наступнае. Уладальнік усяго толькі прасіў, каб яму пісьмова выклалі, чаму той чалавек, які па тэлефоне прадставіўся супрацоўнікам выканкама, жадае наведаць гэтае памяшканне і якія падставы ён для гэтага мае. Дапусцім, што гэтыя дзве групы фактаў сапраўды мелі месца і па Законе "Аб грамадскіх аб'яднаннях" ў Рэспубліцы Беларусь гэтага дастаткова для адмовы ў рэгістрацыі.

Але трэба мець на ўвазе, што ў дадзенай справе гаворка ідзе не проста пра правільнасць састаўлення юрыдычных дакументаў. Гаворка ідзе пра ажыццяўленне асноўных правоў чалавека, а менавіта - права грамадзянаў на асацыяцыю. Гэтае права можа быць абмежаванае, сапраўды, на падставе закона. Але недастаткова законнай падставы, каб абмежаваць гэта права. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага пакта пра грамадзянскія і палітычныя правы, які Беларусь ратыфікавала, абмежаванні правоў павінны не толькі быць прадугледжаныя законам, але і мець правамерную мэту.

У гэтым судовым працэсе не было паказана, якую ж правамерную мэту мае адмова ў рэгістрацыі "Нашай Вясны". Калі б гэта было прадухіленне злачынстваў - напэўна, не. Наадварот, гэта стварэнне злачынства: Мінюст робіць злачынцаў з Алеся Бяляцкага і іншых заснавальнікаў праваабарончага аб'яднання, таму што ў незарэгістраванай арганізацыі ўдзельнічаць забаронена Крымінальным кодэксам. Ці гэта абарона маральнасці? Ды не, не было даказана, што заснавальнікі "Нашай Вясны" - правапарушальнікі і амаральныя асобы. Суд адхіліў аргумент Мінюста пра тое, што яны правапарушальнікі. Больш за тое, паводле Пакта неабходна, каб абмежаванне з'яўлялася прапарцыйным пастаўленай мэце. Гэта значыць, яно павінна быць матываванае настолькі пераканаўчымі аргументамі, каб стала відавочна, навошта і чаму людзям адмаўляюць у ажыццяўленні іх права.

У дадзеным працэсе, што тычыцца матывіроўкі, то ні пракурор у сваім заключэнні, ні суддзя ў рашэнні не паказалі, чаму рашэнне Міністэрства юстыцыі адпавядае Міжнароднаму пакту пра грамадзянскія і палітычныя правы. І, у прыватнасці, чаму адмова ў рэгістрацыі "Нашай Вясны" была прапарцыйнай мерай у дачыненні да яе заснавальнікаў, улічваючы тыя недахопы ў дакументах, на якія было ўказана. Яны не растлумачылі, чаму гэтыя недахопы маюць такі характар, што праваабаронцы не могуць карыстацца правам на аб'яднанне. З-за адсутнасці матывіроўкі ў той частцы, што тычыцца асноўных правоў чалавека, права, гарантаванага Канстытуцыяй і Пактам, рашэнне Вярхоўнага Суда абсалютна неабгрунтаванае.

Гэта не першы выпадак, калі ў дачыненні да заснавальнікаў праваабарончага аб'яднання парушаюцца міжнародныя нормы ў галіне правоў чалавека. Перадгісторыяй гэтага, ужо трэцяга, працэсу па перарэгістрацыі была ліквідацыя Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў 2003 годзе. Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў ліквідацыю неадпавядаючай Міжнароднаму пакту пра грамадзянскія і палітычныя правы і ў сваіх заключэннях патрабаваў ад беларускіх уладаў, у прыватнасці,  перарэгістрацыі аб'яднання…

- Дык вось, у Вярхоўнага Суда была магчымасць выканаць заключэнні Камітэта, але ён гэтую магчымасць праігнараваў. А Міністэрства замежных справаў у гэтым пытанні было, мабыць, яшчэ больш прамым: на запыт заснавальнікаў аб'яднання адтуль паступіў адказ, што заключэнні Камітэта маюць толькі рэкамендацыйны характар.

Сапраўды, у Факультатыўным пратаколе да Пакта нічога падрабязна пра юрыдычную сілу заключэнняў Камітэта не сказана. Аднак, варта прымаць да ўвагі, што Пакт гарантуе самыя мінімальныя і неадчужальныя правы. І ў тых выпадках, калі Камітэт вырашыў, што парушэнне мела месца і неабходна прыняць тыя ці іншыя меры, у дзяржавы-адказчыцы проста няма выбару: каб выправіць парушэнне, яна павінна прыняць меры, указаныя Камітэтам. Толькі з іх выкананнем можна гарантаваць правы, пералічаныя ў Пакце.

Таму ў дадзеным выпадку з міжнародна-прававога пункту гледжання можна сказаць, што беларускія ўлады ў чарговы раз праігнаравалі абавязковыя для іх міжнародныя дамовы, а менавіта - Міжнародны пакт пра грамадзянскія і палітычныя правы.

Кірыл, як Вы лічыце, ці мелі праваабаронцы хаця б мінімальны шанецы выйграць працэс у Вярхоўным Судзе?

- Трэба сказаць, што асноўная абарона заяўнікоў будавалася на аспрэчванні аргументаў Мінюста пра спіс заснавальнікаў і гарантыйны ліст, а таксама на доказах таго, што іншыя аргументы міністэрства неабгрунтаваныя. Так што канстытуцыйна-прававы і міжнародна-прававы аспект справы быў у пэўным сэнсе субсідыярным. У гэтай сітуацыі можна сказаць, што праваабаронцы гулялі на полі Міністэрства юстыцыі. І відавочна не мелі шанцаў выйграць. У баксёраў ёсць такая прымаўка: калі вы вядзеце бой на сваёй тэрыторыі, можна выйграць па ачках, на чужой - трэба перамагаць накаўтам. Дык вось, па ачках у Мінюста ў Беларусі пры існуючай судова-прававой сістэме выйграць немагчыма. Праблема ў тым, што нельга выйграць і накаўтам: нават калі Мінюст не ўстане пасля ліку "дзесяць", суддзя не падніме руку таго, хто адправіў Мінюст у накаўт. Таму што суддзя ў пэўным сэнсе таксама Міністэрства юстыцыі.

Ёсць выйсце з гэтага замкнёнага кола? 

- Толькі ўсеабдымная судова-прававая рэформа можа змяніць становішча справаў, на маю думку. Яна патрабуе, у прыватнасці, падрабязнага абмеркавання ў грамадстве, што, у сваю чаргу, патрабуе агульнадаступнасці незалежных СМІ і г.д. Наогул, любая, якой бы юрыдыка-тэхнічнай яна ні здавалася, праблема, што мы разглядаем у Беларусі, у рэшце рэшт упіраецца ў недахопы беларускай дэмакратыі. І ў судовай сістэме, і ў існуючай сістэме ўлады ў цэлым.

Пры гэтым грамадзянская супольнасць у Беларусі знаходзіцца ледзь не ў горшым становішчы ў параўнанні з іншымі краінамі еўрапейскай часткі былога СССР. Таму што, нягледзячы на ўсе праблемы, якія я сустракаю ў няўрадавых арганізацыях у Расіі ці ў Закаўказзі, яны там існуюць. Няма такога, каб адна з найбуйнейшых нацыянальных няўрадавых арганізацыяў існавала нелегальна. Да прыкладу, у Расеі, нягледзячы на няпростую працэдуру змены статусу, калі тое неабходна, падатковыя прэтэнзіі і праблемы фінансавання, легальна дзейнічаюць і праваабарончае аб’яднанне "Мемарыял", і Маскоўская Хельсінкская група, і Рух "За правы чалавека", і вялікая колькасць іншых арганізацыяў, як агульнарасейскага, так і рэгіянальнага ўзроўня. Нават у Азербайджане, дзе ўлады з асаблівым запалам прапануюць усё новыя і новыя абмежаванні на дзейнасць няўрадавых арганізацыяў, гэтыя арганізацыі, прынамсі, здольныя легальна існаваць і дзейнічаць, чаго не адбываецца ў Беларусі.

Калі сітуацыю з няўрадавымі арганізацыямі ў Беларусі можна з чымсьці параўнаць, то, напэўна, на постсавецкай прасторы толькі Сярэдняя Азія з'яўляецца горшым прыкладам. Але, як мне падаецца, Беларусь аддала б перавагу параўнанням сябе не з Узбекістанам і Туркменістанам, а, напрыклад, з Расеяй, Нямеччынай ці з Польшчай і Літвой. І ў тым, што датычыцца кантролю над дзеяннямі грамадзянскай супольнасці, Беларусь другога тыпу параўнання не вытрымлівае, нажаль.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства