Зверствы віцебскіх міліцыянтаў
Алег Сурган выступіў з хадайніцтвам аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў віцебскай міліцыі, якія катавалі яго. 3 верасня Алег Сурган быў затрыманы на прыпынку грамадскага транспарту, насупраць якога вывесілі бел-чырвона-белы сцяг.
Як распавялі сведкі, Алега Сургана моцна збілі, падвешвалі на кайданках да кратаў, білі галавой аб унітаз і плявалі на яго. Актывістам удалося выклікаць хуткую, якая адвезла яго ў 3-ю гарадскую бальніцу, каб засведчыць пабоі.
У той жа час, як пішуць “Народныя навіны Віцебска”, Алег Сурган быў прыцягнуты да адміністрацыйнага суду. Акрамя непадпарадкавання ахоўнікам правапарадку ён абвінавачваецца яшчэ і ў тым, што укусіў міліцыянта за палец.
4 верасня суддзя Кастрычніцкага раёна Віцебска спадарыня Казімава перанесла слуханне на 9 верасня, паколькі Алег Сурган выступіў з хадайніцтвам аб прадстаўленні адваката, прыцягнення Тараса Сургана, супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі яго, і намесніка начальніка Кастрычніцкага РУУС Каліноўскага ў якасці сведак.