viasna on patreon

У гомельскай жаночай калоніі аб'явіла бестэрміновую галадоўку наваполацкі прадпрымальнік Яўгенія Бочурная

2009 2009-09-08T16:03:12+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zakluchennie.jpg

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, 4 верасня ў гомельскай жаночай папраўчай калоніі № 4 аб'явіла бестэрміновую галадоўку наваполацкі прадпрымальнік, дырэктар ТАА "Віторжжа" Яўгенія Бочурная. Пра гэта БелаПАН паведаміў муж асуджанай Уладзімір Журба.

Паводле яго слоў, асуджаная адважылася на крайнія меры ў адстойванні сваіх правоў у сувязі з тым, што ёй забаранілі купляць прадукты ў магазіне. Мая жонка неаднаразова пісала скаргі — у дэпартамент выканання пакарання, МУС, пракуратуру на ўмовы ўтрымання асуджаных у жаночай калоніі. За гэта адміністрацыя шукала любыя падставы, каб пакараць яе. У атрадзе, дзе адбывае пакаранне мая жонка, няма пакою адпачынку, сама яна спіць у калідоры з-за адсутнасці месцаў. І гэта пры тым, што яна — пенсіянерка, якая хварэе на алергію і захворванні органаў стрававання. У калоніі адсутнічае свежая агародніна, там затрымліваюць грашовыя пераводы, вяртаюць карэспандэнцыю, медабслугоўванне — вельмі дрэннае. Аб усіх гэтых парушэннях Бочурная паведамляла ў дэпартамент, міністэрства, а ў адказ атрымлівала спагнанні ад адміністрацыі калоніі, — пракаментаваў Журба. Паводле яго слоў, апошнюю вымову яго жонка атрымала за тое, што сядзела днём на ложку, а гэта з'яўляецца парушэннем правілаў калоніі.

Журба накіраваў скаргу генеральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу на ўмовы ўтрымання асуджаных у жаночай калоніі. Я неаднаразова бываў на прыёмах у дэпартаменце выканання пакаранняў, але там мяне не пачулі, таму я звярнуўся да генпракурора, — патлумачыў прадпрымальнік. Ён просіць генпракурора аднавіць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, якія адбываюць пакаранне ў гомельскай калоніі, і пакараць вінаватых за невыкананне міжнародных норм утрымання асуджаных.

Паводле слоў Журбы, яго жонка абвінавачвалася па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэкса, гэтыя артыкула чатыры разы перакваліфікаваліся. Па прыгаворы Вярхоўнага суда Бочурная была асуджана па арт. 216 КК (прычыненне маёмаснага ўрону без прыкмет крадзяжу) і прыгаворана да трох гадоў шасці месяцаў пазбаўлення волі. 8 кастрычніка ў яе заканчваецца тэрмін зняволення.

У адміністрацыі жаночай калоніі пакуль не каментуюць інфармацыю аб аб'яўленні галадоўкі, паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства