У Віцебску затрыманыя менскім АМОНам апазіцыянеры
Пасьля выбухаў 14 і 22 верасьня ў Віцебску вядзецца ўзмоцненае патруляваньне вуліцаў тутэйшымі міліцыянтамі ды менскім АМОНам. 6 кастрычніка патруль трэці раз за апошнія 10 дзён затрымаў сябраў КХП БНФ Аляксандра Салаўяна і Уладзімера Плешчанку, якія шточацьвер і штопанядзелак выходзяць на вуліцу Леніна, каб распаўсюджваць партыйныя выданьні.
Разам з імі быў затрыманы і беспартыйны апазыцыянэр Барыс Хамайда, які распаўсюджвае ў Віцебску часопіс “ARCHE» і ўласную газэту “Выбар”. Аднак 6 кастрычніка ў міліцыянтаў выклікалі падазрэньні ня гэтыя выданьні, а два паасобнікі “Навінаў БНФ”, што ляжалі ў сумцы спадара Хамайды і яго вырашылі везьці ў суд.
Рашэньне міліцыянтаў адмяніў адзін з кіраўнікоў Чыгуначнага райаддзелу, якому спадар Хамайда здолеў давесьці, што бюлетэнь Партыі БНФ ён не выдае і не распаўсюджвае, як, зрэшты, і газэту “Комсомольская правда”, што таксама была сярод ягоных рэчаў .
Барыса Хамайду адпусьцілі дахаты. Аднак тэма судоў для яго і там ня страціла актуальнасьці: пад дзвярыма апазыцыянэра чакаў судовы выканаўца, які прыйшоў рабіць вопіс маёмасьці – для пагашэньня ранейшых нясплочаных штрафаў. Агульная сума гэтых штрафаў вельмі вялікая: толькі апошні з іх, прысуджаны за віншаваньне з Днём вайсквае славы 8-га верасьня складае амаль 4 мільёны рублёў. Уласнае маёмасьці, якую можна было б канфіскаваць на такую суму, у кватэры спадара Хамайды не знайшлося.