Бацькi павiнны пакрываць выдаткi дзяржаве, якая ўтрымлiвае iх дзяцей
Кансультацыя натарыуса.
З 1 студзеня 2007 года дзейнiчае Дэкрэт Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях" ад 24 лiстапада 2006 года. Указаным нарматыўным актам прадугледжаны выпадкi, пры якiх дзецi нядбайных бацькоў могуць быць прызнаныя маючымi патрэбу ў дзяржаўнай абароне, адабраныя ў бацькоў i змешчаныя на дзяржаўнае забеспячэнне без звароту ў суд. Такое адбываецца, калi бацькi вядуць амаральны лад жыцця, з’яўляюцца хранiчнымi алкаголiкамi цi наркаманамi або iншым чынам неналежна выконваюць свае абавязкi па выхаваннi i ўтрыманнi дзяцей, у сувязi з чым яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становiшчы.
Больш падрабязна пра такiя сiтуацыi сёння чытачам раскажа намеснiк загадчыка першай Мiнскай гарадской дзяржаўнай натарыяльнай канторы Веранiка Лiтвiнка.
Выканаўчы надпiс — распараджэнне аб спагнаннi
Усе выдаткi, зрасходаваныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якiя знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэннi, павiнны ў поўным аб’ёме пакрывацца бацькамi, у тым лiку i тымi, хто сваiх бацькоўскiх правоў пазбаўлены. Гэтыя выдаткi пакрываюцца ў добраахвотным парадку, але калi бацькi добраахвотна не кампенсуюць iх, дык яны спаганяюцца прымусова: з працуючых бацькоў — на падставе выканаўчага надпiсу натарыуса, з непрацуючых бацькоў, або з бацькоў, месца жыхарства якiх невядома, — згодна з пастановай суда.
Выканаўчы надпiс натарыуса з’яўляецца яго распараджэннем аб прымусовым спагнаннi ў бясспрэчным парадку з даўжнiка на карысць спаганяльнiка грашовых сумаў. Гэты дакумент з’яўляецца актам, якi падлягае выкананню па тых жа правiлах, якiя ўстаноўлены для выканання рашэнняў судоў.
Да натарыуса — па месцы знаходжання спаганяльнiка
Хто звяртаецца да натарыуса за здзяйсненнем выканаўчага надпiсу?
Упраўленнi (аддзелы) адукацыi — у выпадках, калi дзецi знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэннi ў дзiцячых дамах сямейнага тыпу, апякунскiх сем’ях, прыёмных сем’ях.
Дзiцячыя iнтэрнатныя ўстановы, дзiцячыя вёскi (гарадкi), дзяржаўныя спецыялiзаваныя ўстановы для няпоўнагадовых, якiя маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе i рэабiлiтацыi, дзяржаўныя ўстановы, што забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыi — у выпадках, калi дзецi знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэннi ў гэтых установах.
Звяртацца трэба да натарыуса па месцы знаходжання спаганяльнiка, што прадугледжана пунктам 3 артыкула 94 Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб натарыяце i натарыяльнай дзейнасцi".
Працэдура простая i бяспошлiнная. Але не распаўсюджаная
Для здзяйснення натарыяльнага надпiсу натарыусу трэба прадаставiць шэраг дакументаў. Якiх? Гаворка iдзе пра наступныя паперы:
— копiю пасведчання аб нараджэннi дзiцяцi або iншыя дакументы, што пацвярджаюць паходжанне дзiцяцi ад бацькоў (аднаго з iх), якiя абавязаны пакрываць выдаткi па ўтрыманнi дзяцей, засведчаныя спаганяльнiкам;
— копii дакументаў аб пазбаўленнi бацькоўскiх правоў, аб адабраннi дзяцей цi iншых дакументаў, на падставе якiх дзiця змешчана на дзяржаўнае забеспячэнне, засведчаныя спаганяльнiкам;
— даведку аб перыядзе знаходжання дзiцяцi на дзяржаўным забеспячэннi, аб выплачаных бацькамi (адным з iх), якiя абавязаны пакрываць выдаткi па ўтрыманнi дзяцей, сродкаў у лiк пагашэння выдаткаў па ўтрыманнi дзяцей i суме сродкаў на ўтрыманне дзяцей, што падлягаюць спагнанню штомесячна з гэтых бацькоў (аднаго з iх);
— даведку з месца працы бацькоў (аднаго з iх), якiя абавязаны пакрываць выдаткi па ўтрыманнi дзяцей.
Выканаўчы надпiс павiнен быць здзейснены натарыусам не пазней чым на наступны дзень пасля атрымання ўказаных дакументаў. За здзяйсненне выканаўчага надпiсу спаганяльнiкi вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошлiны на падставе падпункта 2.14 пункта 2 артыкула 10 Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб дзяржаўнай пошлiне".
Тым не менш, паводле слоў Веранiкi Лiтвiнкi, нягледзячы на прастату i бясплатнасць дадзенага натарыяльнага дзеяння, яно дагэтуль не распаўсюджана.