viasna on patreon

Зьніклыя ў Беларусі

2009 2009-09-16T08:38:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/8f91734b-56f9-4bfc-96bb-134a891154c8_w393_s.jpg
Фота \"Радыё Свабода\"

Фота \"Радыё Свабода\"

10 гадоў таму пры нявысьветленых абставінах ў Менску зьніклі палітык Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Раней, 7 траўня 1999-га, зьнік былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка. 7 ліпеня 2000 году зьнік тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі.

Віктар Ганчар. Віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету XIII скліканьня. Бязь сьледу зьніклы ці выкрадзены 16 верасьня 1999 году разам з Анатолем Красоўскім.

Віктар Ганчар нарадзіўся 7 верасьня 1958 году ў пасёлку Родзічава Менскай вобласьці. На прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году — адзін з кіраўнікоў выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі. З 1994 году Ганчар быў намесьнікам старшыні ўраду Беларусі. З 1990-га — дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, з 1995-га намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету XIII скліканьня. Напярэдадні рэфэрэндуму 1996 г. — старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі. Віктар Ганчар браў актыўны ўдзел у працы Вярхоўнага Савету падчас канстытуцыйнага крызісу 1996 году, быў адным з найбольш актыўных ініцыятараў працэсу імпічмэнту Лукашэнкі. У траўні 1999 году Віктар Ганчар арганізаваў кампанію па выбарах прэзыдэнта Беларусі, якая была сарваная ўладамі. У ліпені 1999 году абвясьціў пра сканчэньне тэрміну легітымнага прэзыдэнцкага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, зыходзячы зь непрызнаньня легітымнасьці рэфэрэндуму 1996 году.

16 верасьня 1999 г. Віктар Ганчар разам з сваім сябрам бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім зьніклі бязь вестак. Пазьней на месцы, дзе, як мяркуецца, адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля і сьляды крыві. Паводле словаў былога начальніка СІЗА №1 Алега Алкаева, Віктар Ганчар быў выкрадзены, а пасьля гэтага расстраляны на загад людзей, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі.

Зьміцер Завадзкі. Беларускі журналіст, тэлевізійны апэратар. 7 ліпеня 2000 году таямніча зьнік па дарозе ў менскі аэрапорт. Ад таго часу пра ягоны лёс нічога невядома.

Зьміцер Завадзкі нарадзіўся 28 жніўня 1972 году. У 1994-1997 гадах быў асабістым апэратарам Аляксандра Лукашэнкі. З 1997-га працаваў апэратарам на расейскім тэлеканале ОРТ, зь лістапада 1999-га па травень 2000-га працаваў у Чачні. 7 ліпеня 2000 году быў выкрадзены, калі накіроўваўся аўтамабілем у аэрапорт "Менск-2", каб сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета. Аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце, але самога Завадзкага з таго часу ніхто ня бачыў.

Зьнікненьне Завадзкага стала ў адзін шэраг са зьнікненьнямі вядомых апазыцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юр'я Захаранкі, бо ўлады так і ня здолелі даць задавальняючых тлумачэньняў злачынству. 14 сакавіка 2002 г. па справе аб выкраданьні Зьмітра Завадзкага былі асуджаныя 4 чалавекі – былыя супрацоўнікі спэцыяльнага атраду міліцыі "Алмаз". У верасьні 2002 г. Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы заявіла, што "сур'ёзна заклапочаная адсутнасьцю прагрэсу ў справе" і заснавала ўласны сьледчы падкамітэт для рассьледваньня справы зьніклых.

Юры Захаранка. Былы міністар унутраных справаў Беларусі, апазыцыйны палітык. Зьнік 7 траўня 1999 году пры нявысьветленых абставінах.

 

Юры Захаранка нарадзіўся 1 студзеня 1952 году ў мястэчку Васілевічы, Рэчыцкі раён. У момант, калі Беларусь атрымала незалежнасьць, Захаранка быў намесьнікам старшыні міжрэгіянальнага аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС СССР. 28 лiпеня 1994 году ўказам прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі №11 прызначаны міністрам унутраных справаў Беларусі. 16 кастрычніка 1995 году ўказам Лукашэнкі №424 звольнены з пасады міністра ўнутраных справаў. 16 красавіка 1996 году ўказам Лукашэнкі №149 паніжаны ў званьні да палкоўніка й звольнены зь Міністэрства ўнутраных справаў.

Захаранка далучыўся да апазыцыі й быў абраны ў склад кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Выкрадзены ўвечары 7 траўня 1999 году. Паводле словаў палітычнага эмігранта й былога начальніка СІЗА №1 Алега Алкаева, Юры Захаранка быў выкрадзены, а пасьля гэтага расстраляны на загады людзей, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі. Сям'я Юр'я Захаранкі — жонка, дзьве дачкі і ўнукі — жывуць у Нямеччыне, дзе атрымалі палітычны прытулак.

Анатоль Красоўскі.
Беларускі бізнэсмэн. 16 верасьня 1999 году разам зь Віктарам Ганчаром выкрадзены пры нявысьветленых абставінах.

 

Анатоль Красоўскі нарадзіўся 17 траўня 1952 году ў Крупках Менскай вобласьці. Скончыў фізычны факультэт БДУ. Пэдагог, кандыдат філязофскіх навук, аўтар дзясяткаў навуковых прац і шэрагу навучальных дапаможнікаў, распрацоўнік школьнага курсу "Этыка і псыхалёгія сямейнага жыцьця". У 1989-м стварыў ААТ "Красіка".

З пачатку 1990-х буйны прадпрымальнік, выдавец часопісаў "Я+Я", "Идеал" і інш. Займаўся дабрачыннасьцю, аказваў фінансавую падтрымку шэрагу грамадзкіх арганізацыяў Беларусі. Жанаты, мае дзьвюх дачок. Вядомы як сябар палітыка Віктара Ганчара, аднаго зь лідэраў беларускай апазыцыі ў
канцы 1990-х.

Зьнік пры нявысьветленых акалічнасьцях 16 верасьня 1999 году ў Менску разам з В.Ганчаром. У студзені 2003 году пракуратура Менску прыпыніла расьсьледаваньне крымінальнай справы з факту зьнікненьня В.Ганчара і А.Красоўскага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства