viasna on patreon

Персанальная кампанія Ігара Случака

2009 2009-09-23T16:54:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bel_mova.jpg

Беларус Ігар Случак ладзіць персанальную кампанію: звяртаеццца да міністэрстваў і ведамстваў з прапановай перавесці справаводства на беларускую мову. На дадзены момант Ігар ўжо атрымаў адказы з міністэрстваў энэргетыкі, лясной гаспадаркі, гандлю, працы, адукацыі, юстыцыі, спорту і турызму, эканомікі, прамысловасці, па надзвычайных сітуацыях, фінансаў, Камітэту дзяржаўнага кантролю, Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў, Нацыянальнага банку Беларусі, Гомельскага гарадскога Савету дэпутатаў, Генеральнай пракуратуры Беларусі, Беларускага рэспубліканскага саюзу юрыстаў, Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Ігар Случак:

– Ідэя кампаніі ў мяне з’явілася пасля Пятага з’езду Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, на якім я быў дэлегатам. У часе вітальнага слова да З’езду новы міністр культуры Павел Латушка заявіў, што з часам перавядзе Міністэрства культуры цалкам на беларускую мову. Тым самым ён ствараў прэцэдэнт, якім нельга было не скарыстацца, бо ўсім добра вядома, што ў Беларусі дзяржаўныя мовы самыя “раўнапраўныя” ў дачыненні адна да адной (беларуская мова фактычна выштурхнутая з афіцыйнага жыцця краіны).

Таму, заручыўшыся маральнай “падтрымкай” міністра, я вырашыў прапанаваць перайсці на беларускую мову ўсім міністэрствам, ведамствам, дзяржаўным установам і буйным і ўплывовым у Беларусі арганізацыям. Для гэтага я склаў адпаведны зварот і разаслаў яго па амаль ста адрасах і працягваю гэта рабіць і цяпер. Паціху пачалі прыходзіць адказы. Тыповымі былі адказы пра тое, як нашай беларускай мове добра, якая яна раўнапраўная, як добра ахоўваецца і развіваецца. Таксама тыповым быў адказ са спасылкай на Закон аб мовах, на падставе якога абгрунтоўвалася вядзенне справаводства на рускай, а не на беларускай мове. Прыводзілася шмат абгрунтаванняў, чаму патрэбна і правільна весці справаводства на рускай мове. Да таго ж, некаторыя адказы таксама прыходзілі на расійскай і даводзілася прасіць даць адказ на беларускай. У некаторых адказах выказвалася паразуменне, што праблема існуе і яе трэба вырашаць, некаторыя адказы былі зусім не добразычлівымі, як да аўтара, так і да мовы. Ужо прыйшло каля 30–35% адказаў на звароты, з тэкстамі якіх можна пазнаёміцца тут: ihar-sluchak.livejournal.com

P.S. За паказчык таго, што з мовай усё ў парадку, можна лічыць тое, што амаль усе беларускамоўныя адказы, якія ўжо прыйшлі, маюць памылкі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства