viasna on patreon

Мінінфармацыі адмовілася зарэгістраваць газету «Магілёўскі час»

2009 2009-10-13T16:46:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/druk_vyd.jpg

Міністэрства інфармацыі адмовіла ў рэгістрацыі недзяржаўнай рэгіянальнай газеце «Магілёўскі час» з прычыны адсутнасці вышэйшай адукацыі ў галоўнай рэдактаркі. Пра гэта паведаміў сёння ў тэлефоннай гутарцы з галоўнай рэдактаркай выдання Ганнай Ільіной супрацоўнік міністэрства Віктар Гурэцкі. Афіцыйнага ліста з Мінінфармацыі журналістка пакуль не атрымала.

Дакументы на рэгістрацыю спадарыня Ільіна накіравала 10 верасня. «Магілёўскі час» планаваўся як выданне грамадска-палітычнай тэматыкі. Дагэтуль газета некалькі гадоў выходзіла як малафарматнае выданне накладам да 299 асобнікаў.

Юрысты БАЖ звяртаюць увагу на тое, што ў законе «Аб СМІ» (арт. 15 — «Падставы для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ») прыведзены вычарпальны пералік выпадкаў адмовы. «Такой падставы, як адсутнасць вышэйшай адукацыі ў рэдактара, там няма, — падкрэслівае намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. — Наогул, гэткіх дакументаў для рэгістрацыі выданняў не патрабуецца. Гэта значыць, што Мінінфармацыі без ведама Ганны Ільіной збірала асабістыя звесткі пра яе асобу».

«Мы неаднаразова казалі, што самы пазітыўны момант новага закона „Аб СМІ“ — гэта спрашчэнне рэгістрацыі новых выданняў. (Для рэгістрацыі новага выдання ўжо не патрабуецца ўзгадняць размяшчэнне рэдакцыі з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, — заўв. БАЖ). Пэўны час падавалася, што гэтая норма сапраўды працуе. Але апошнія падзеі сведчаць пра тое, што, на жаль, стаўленне дзяржавы да рэгістрацыі новых СМІ не змяняліся. Толькі раней адказнасць за адмовы ў рэгістрацыі ляжала на мясцовых органах улады, а зараз — на Мінінфармацыі», — адзначыў Андрэй Бастунец.

Нагадаем, што пасля ўступлення ў сілу новага закона «Аб СМІ» Мінінфармацыі зарэгістравала шэраг недзяржаўных выданняў — у тым ліку агульнапалітычную «Узгорак», «Піўную газету» для вольнага часу, рэкламныя і забаўляльныя газеты.

У канцы верасня Міністэрства інфармацыі не зарэгістравала дзве недзяржаўныя інфармацыйна-аналітычныя рэгіянальныя газеты «Солигорск плюс» і «Новую газету Бобруйска», спаслаўшыся на тое, што ў жылых памяшканнях нельга займацца вытворчай дзейнасцю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства