Віцебскага апазыцыянэра судзяць за гандаль газэтамі
Пра гэта паведамляе Радыё Свабода. Зь нядаўняга часу каля дома №28 па вуліцы Леніна стаіць адмысловая міліцэйская варта: як толькі там разам ці паасобку зьяўляюцца Барыс Хамайда, Уладзімер Плешчанка ці Аляксандар Салаўян, патрульныя міліцыянты выклікаюць па іх машыну ды вязуць у пастарунак. Такім чынам спадар Хамайда быў затрыманы ўжо чатыры разы на гэтым тыдні, бо недзяржаўныя выданьні ён распаўсюджвае на гэтым месцы штодня.
Падчас мінулага, учорашняга, затрыманьня на Барыса Хамайду склалі пратакол за распаўсюд незарэгістраванага выданьня – газэты “Выбар”, якую ён сам рэдагуе й выдае. Сёньня яго абвінавацілі ў тым, што ён гандлюе газэтамі ў неналежным месцы.
Але паколькі сьведкаў гэтага не знайшлося, а сам спадар Хамайда настойваў, што ўсяго толькі прымае добраахвотныя ахвяраваньні на разьвіцьцё дэмакратычнага друку, судзьдзя чыгуначнага суду Юры Урбан скасаваў абвінавачаньне міліцыянтаў.
Тым часам ў Чыгуначным райаддзеле дапытвалі яшчэ двух затрыманых – сяброў КХП БНФ Уладзімера Плешчанку ды Аляксандра Салаўяна. Міліцыянтаў цікавіла, ці ня маюць гэтыя апазыцыянэры дачыненьня да выбухаў 22-га верасьня ў Віцебску. Спадары Плешчанка ды Салаўян катэгарычна сьцвердзілі, што ня маюць ніякага дачыненьня да гэтага.