Сацыял-дэмакратаў высяляюць
«Вызваліць памяшканне мы абавязаны паводле рашэння суда. Цяпер я пайду ў офіс адключаць тэлефоны», — кажа намеснік старшыні партыі Беларуская сацыял‑дэмакратычная партыя (Грамада) Анатоль Сідарэвіч.
БСДП (Грамада) арандавала ў Мінску памяшканне, якое належыць аднаму з жыллёва‑будаўнічых кааператываў. У ім размяшчаўся офіс цэнтральнай, Мінскай гарадской і чатырох раённых арганізацый партыі.
«Новы старшыня ЖБК палічыў, што ранейшы не меў права здаваць нам у арэнду памяшканне, і падаў пазоў у гаспадарчы суд Мінска. Суд прапанаваў бакам улагодзіць канфлікт з дапамогай пасярэдніка, аднак дамовіцца з ЖБК нам не ўдалося. Да 15 кастрычніка мы вымушаныя вызваліць памяшканьне», — паведаміў кіраўнік партыі Анатоль Ляўковіч.
Новы офіс у Мінску БСДП (Грамада) пакуль не знайшла. Ляўковіч не выключае, што цэнтральны офіс давядзецца рэгістраваць не ў сталіцы.