Верніку ваенкамат не прапанаваў альтэрнатыўную службу
Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля працягвалася слуханьне крымінальнай справы ў дачыненьні да верніка пратэстанцкай царквы “Сьведкі Еговы” Дзьмітра Смыка. З падачы гарадзкога ваенкамату пракуратура абвінавачвае спадара Смыка ва ўхіленьні ад прызыву на вайсковую службу.
З ініцыятывы судзьдзі Рыгора Дзьмітрэнкі, які разглядае справу супраць верніка, у суд сёньня выклікалі ня толькі прадстаўніка ваенкамату Бурсевіча, але й гарадзкога ваенкама палкоўніка Вячаслава Цацарына.
І судзьдзя, і дзяржаўны абвінаваўца пракурор Ігар Купчын высьвятлялі ў вайскоўцаў, ці прапаноўвалася Дзьмітру Смыку альтэрнатыўная служба. Высьветлілася, што не. Як паведаміў ваенкам Цацарын, ва ўказе прэзыдэнта пра летні прызыў ва Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь гаварылася толькі пра тэрміновую службу й службу ў рэзэрве. Пра альтэрнатыўную — нават ня згадвалася.
“Указ мае сілу закону. Ні мы, ні прызыўная камісія ня можам парушыць закон”, — заявіў палкоўнік Цацарын.
Абвінавачаны Дзьмітрый Смык запытаўся ў ваенкама: а як жа права на альтэрнатыўную службу, гарантаванае артыкулам 57 Канстытуцыі?
І пачуў адказ ваенкама: “Абарона Рэспублікі Беларусь — гэта сьвяшчэнны абавязак грамадзяніна”.
Ваенкам цытаваў першую частку артыкула Канстытуцыі, а прызыўнік пытаўся пра другую:
“Я не капрызны хлопчык, які прыйшоў і патрабуе ці дамагаецца нейкіх сваіх законаў.
Мы жывём у Рэспубліцы Беларусь, і кожны павінен выканаць свой абавязак перад дзяржавай. Я разумею, што выкананьне абавязку перад дзяржавай не супярэчыць Бібліі. І я згодны гэта зрабіць! Пытаньне ў тым, якім чынам. Мне дзяржава прапануе два выбары — альтэрнатыўную службу з улікам рэлігійных перакананьняў альбо тэрміновую службу. Я заявіў, што выбіраю альтэрнатыўную. Прызыўная камісія пагаджалася, што ў заканадаўстве такая норма існуе, але яны ня могуць парушыць указ прэзыдэнта. Парушыць маё канстытуцыйнае права — гэта як бы калі ласка”.
Ваенкам Цацарын таксама патлумачыў суду, што ў Беларусі наагул няма альтэрнатыўнай службы. У свой час, калі ён быў камандзірам вайсковай часткі ў Слуцку, там была адкрыта праваслаўная каплічка, за што Цацарын атрымаў, як ён сам выказаўся, “падзяку ад патрыярха Філарэта”.
Дзьмітра ж, паводле слоў ваенкама, меліся накіраваць у транспартныя войскі ў Жлобін.
Суд вырашыў зрабіць запыт у Міністэрства абароны пра наяўнасьць альтэрнатыўнай службы і атрымаць тлумачэньні ад кіраўніцтва рэспубліканскай арганізацыі “Сьведкі Еговы” пра стаўленьне да вайсковай службы.
29 кастрычніка суд над вернікам Дзьмітром Смыком будзе працягнуты.