Умовы выжываньня "БДГ", як і ў "Народнай Волі", досыць цяжкія
Незалежнае выданьне "БДГ. Деловая газета" ад 2003 году існуе яшчэ ў горшых умовах, чым "Народная Воля", сьцвярджае радыё Свабода. "БДГ" ня можа ня толькі друкавацца ў Беларусі і распаўсюджвацца праз газэтныя шапікі. Яе пазбавілі і права на падпіску праз сыстэму "Белпошты".
Да таго ж, у газэты вельмі складанае матэрыяльнае становішча з прычыны шматлікіх штрафаў у выніку праверак і судовых рашэньняў.
Галоўны рэдактар "БДГ" Пётар Марцаў кажа: "Мы паставілі на недзяржаўную сыстэму распаўсюджаньня. Ёсьць вельмі шмат гандлёвых пунктаў у крамах, ёсьць асобы, у якіх ёсьць права на вулічны гандаль. Да сёлетняй вясны вельмі пасьпяхова распаўсюджваліся. Увесну ўлады пачалі актыўна разбураць гэтую сыстэму распаўсюду. Работнікі выканкамаў і пазьней работнікі Дзяржкантролю хадзілі па крамах і вызначалі пункты продажу "БДГ", гутарылі з дырэктарамі. Тлумачылі, што калі тыя будуць прадаваць гэтую газэту, то ім не падоўжаць ліцэнзіі на раздробны гандаль. З вулічным гандлем усё яшчэ прасьцей. Людзей проста затрымлівалі, давалі адміністрацыйныя штрафы. Тым ня менш, на сёньняшні дзень "БДГ. Деловая газета" захоўвае нейкія пункты продажу ў крамах, і прыватнікі ёй гандлююць".
Паводле Пятра Марцава, "Народнай Волі" будзе вельмі складана аднавіць сыстэму распаўсюджаньня. Калі для "БДГ. Деловой газеты" дастаткова мець пункты продажу ў Менску і абласных гарадах, то для масавай штодзённай газэты патрэбна стварыць уласную сетку распасюджаньня па ўсёй Беларусі, што ёсьць вельмі складанай задачай, лічыць галоўны рэдактар "БДГ Деловой газеты" Пётар Марцаў.
Тым часам міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч даслаў у незалежную газэту "Народная Воля" ліст, у якім парэкамэндаваў разьбірацца з прадпрыемствамі, якія скасавалі дамовы з газэтай, у адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам. Уладзімер Русакевіч піша, што "Міністэрства інфармацыі разгледзела зварот, які паступіў з адміністрацыі прэзыдэнта". Іосіф Сярэдзіч мяркуе, што міністар меў на ўвазе тэлеграму, якую ён накіраваў 28 верасьня Аляксандру Лукашэнку, у якой патрабаваў, каб той "спыніў бюракратычнае бязладзьдзе і свавольства чынавенства".
Дарэчы, рэдакцыя зьвярнулася ў Гаспадарчы суд Менску з чатырма пазовамі да прадпрыемстваў "Белсаюздрук", "Менгарсаюздрук", "Менаблсаюздрук", якія ў аднабаковым парадку датэрмінова скасавалі дамовы з "Народнай Воляй" на распаўсюд і друкаваньне інфармацыі. Іосіф Сярэдзіч ўпэўнены: калі Гаспадарчы суд будзе дзейнічаць у строгай адпаведнасьці з Канстытуцыяй і беларускім заканадаўствам, то вэрдыкт будзе на карысьць "Народнай Волі".