БРСМ -- асноўная юрыдычная асоба, якая цягам бліжэйшай “пяцігодкі” мае права накіроўваць беларусаў за мяжу
Менск Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі абвясьціла юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія цягам бліжэйшых пяці гадоў маюць права працаўладкоўваць грамадзянаў Беларусі за межамі краіны. Ад былых паўсотні фірмаў у выніку засталіся толькі дзесяць. І нават з гэтай колькасьці бальшыню прадстаўляюць адгалінаваньні Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі (БРСМ), паведамляе радыё Свабода.
Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі МУС падсумаваў вынікі перарэгістрацыі, абвешчанай паўгоду таму. Такім чынам, міністэрскае “сіта” прайшлі толькі 10 арганізацый і прадпрымальнікаў ад ранейшых 50.
Сьпіс юрыдычных асобаў, якім цягам бліжэйшай “пяцігодкі” дазволена накіроўваць беларусаў за мяжу, пачынае БРСМ са сваімі філіямі ў абласных цэнтрах і ў сталіцы.
Пад другім нумарам пазначаны Моладзевы цэнтар “Штаб студэнцкіх атрадаў”, які мае непасрэднае дачыненьне да БРСМ і, насуперак лёгіцы, будзе куратарам не студэнцкіх атрадаў, а “базай” дзеля адпраўкі рабочых у Чэхію.
Бальшыня астатніх фірмаў заявілі, што арыентуюцца на будаўнічыя спэцыяльнасьці ў Расеі.
Больш жорсткія правілы да выезду за мяжу закранулі і тых, хто хацеў бы вучыцца ў іншай краіне. Між тым, студэнты, перакананыя: спосаб трапіць за мяжу людзі будуць знаходзіць.
Калі ліцэнзіі на працаўладкаваньне грамадзянаў Беларусі за мяжой атрымалі 10 фірмаў, то адпаведны дазвол на права дзейнасьці, зьвязанай са “зборам і распаўсюдам інфармацыі аб фізычных асобах з мэтай іх знаёмства”, – толькі два індывідуальныя прадпрымальнікі.