Міхась Ільін абскардзіў незаконнае затрыманне
Актывіст Берасьцейскай філіі "Маладога Фронту" Міхаіл Ільін абскардзіў у Генеральную пракуратуру сваё затрыманьне ў жніўні. Адпаведны ліст ён накіраваў 25 кастрычніка на імя генпракурора Беларусі Рыгора Васілевіча.
Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, увечары 17 жніўня Ільін і мясцовы каардынатар руху "За Свабоду" Дзяніс Турчаняк правялі флэшмоб каля помніка, прысььвечанага гісторыі Брэста, які быў адкрыты ў ліпені. Помнік разььмешчаны на скрыжаваньні вуліц Савецкай і Гогаля. Маладыя людзі ўстанавілі ліст кардону з выявай літары "Ў" у чорнай рамцы з жалобнай стужкай, усклалі да помніка вянок і запалілі сьвечкі. Такім чынам яны "ўшанавалі памяць" літары, якая адсутнічала ў беларускамоўных тэкстах на бронзавых таблічках.
Неўзабаве да Ільіна падышлі два чалавекі ў цывільным, завялі яго ў двор па вуліцы Гогаля і затрымалі. Турчаняк пайшоў за імі і таксама быў затрыманы. Маладых людзей даставілі ў Ленінскі РАУС і склалі адміністрацыйныя пратаколы.
25 жніўня суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў Ільіна вінаватым у дробным хуліганстве і прызначыў спагнаньне ў выглядзе штрафу ў памеры чатырох базавых велічынь (140 тыс. рублёў).
У сваёй скарзе ў генпракуратуру Ільін заяўляе, што сам факт яго затрыманьня, а таксама прымяненьне пры гэтым грубай фізічнай сілы парушае яго права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць, прадугледжанае артыкулам 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Да скаргі прыкладаецца адпаведнае заключэньне дзяржаўнай службы медыцынскіх судовых экспертыз.
Крыніца: БелаПАН