Першы відэаролік па праблеме “193.1”
Асамблея выпусьціла відэаролік “Людзі маюць права”, у якім закранаецца праблема абмежаваньня свабоды асацыяцыяў у Беларусі.
Героі шасьціхвіліннага сюжэта – неабыякавыя людзі, якім ня ўсё адно, што адбываецца ў краіне. Іх жыцьцёвыя міні-гісторыі разбаўленыя кадрамі з масавых маніфэстацыяў, акцыямі грамадзкіх актывістаў і Кангрэсам Асамблеі НДА. Ёсьць у роліку і антыгероі – асобы, чыя хата заўжды з краю. Але такія, як сьцьвярджаюць аўтары роліка, -- у меншасьці.
“Стаміўшыся змагацца з кожным паасобку, дзяржава вырашыла падвесьці падмурак пад рэпрэсіўныя дзеяньні супраць грамадзянскай супольнасьці”, -- распавядае голас за кадрам. І гэтаму голасу можна верыць, бо ад 2006 году ў Беларусі дзейнічае абсурдны артыкул 193.1 КК. За дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі можна атрымаць да двух гадоў пазбаўленьня волі. Пры жаданьні праваахоўнікаў у лік злачынцаў можна аднесьці каго заўгодна: і бабцяў-зьбіральніцаў грыбоў, і нават Дзядоў Марозаў.
Паглядзець ролік можна на сайце кампаніі: http://193.belngo.info