Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, які меркаваў 22 кастрычніка правесці на плошчы Бангалор у Мінску акцыю пратэсту супраць прыцяснення незалежных прафсаюзаў, атрымаў нечаканую прапанову ад Мінгарвыканкама.
Разам з фармальным дазволам на акцыю, сталічныя ўлады запатрабавалі ад БКДП заключыць дамовы на аказанне паслугаў з МУС, хуткай дапамогай – усяго з шасцю суб’ектамі. Трэба аплаціць іхнія паслугі, аднесці квіткі ў Мінгарвыканкам, і толькі тады можна ісці пратэставаць.
– Нам не забараняюць, але здзеквальна не даюць правесці акцыю. Разам з фармальным дазволам ад нас патрабуюць заключыць дамовы прыкладна з шасцю суб’ектамі, аплаціць іхнія паслугі і прынесці квіткі ў Мінгарвыканкам. Гэта не ўкладваецца ні ў здаровы сэнс, ні ў заканадаўства. Больш за тое, у нашай краіне функцыянуе такая іезуісцкая сістэма, што мы чыста фізічна не здолеем гэта зрабіць. Папярэдняя акцыя нам абышлася прыкладна ў 5 тысяч даляраў, – паведаміў лідэр БКДП Аляксандр Ярашук газеце “Пагоня”.
Таму цяпер кіраўніцтва Кангрэса ў роздуме. Ёсць два магчымыя варыянты вырашэння сітуацыі: альбо ісці на плошчу Бангалор, альбо падаваць у суд на Мінгарвыканкам. Канчатковае рашэнне будзе прынятае бліжэйшымі днямі.