Дэмакратычныя актывісты ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 года
Больш за 100 чалавек - прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці наведалі гістарычныя мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю братоў Каліноўскіх і іншых удзельнікаў паўстання супраць расейскай акупацыі. Мерапрыемства прайшло пад шчыльным назіраннем супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія не аднаразова папярэджвалі яго ўдзельнікаў пра забарону выкарыстання нацыянальнай сімволікі.
Традыцыйна фармат ушанавання памяці складаецца з наведвання вёскі Якушоўка - месца, дзе некалі знаходзілася сядзіба сям’і Каліноўскіх, магілы Віктара Каліноўскага, якую ў свой час аднавілі гарадзенскія і мясцовыя краязнаўцы на Свіслацкіх могілках, а таксама ўскладання кветак да помнікаў Рамуальду Траўгуту і Кастусю Каліноўскаму, што знаходзяцца ў раённым цэнтры.
Сёлетняе мерапрыемства было азмрочана момантам, на які звярнулі ўвагу ўдзельнікі акцыі. Напярэдадні адзначэння дня памяці паўстанцаў, невядомыя раскінулі пэўную колькасць гною ў непасрэднай блізкасці ад крыжа ў памяць загінулых паўстанцаў. Мясцовыя дэмаккратычныя актывісты перакананыя ў тым, што абразлівыя дзеянні-справа мясцовых уладаў.
Кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч зазначыў Радыё Рацыі, што сённяшняя ўлада не ў стане належным чынам шанаваць памяць Кастуся Каліноўскага, зыходзячы з пэўных абставінаў:
-Імя Кастуся Каліноўскага ўяўляе небяспеку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які, разумеючы гэта, робіць усё мажлівае дзеля таго, каб беларускі народ не памятаў сапраўдных герояў краіны. На гэта працуе магутная ідэалагічная машына. Але я веру ў тое, што прыйдзе час, калі нашчадкі належным чынам ушануюць памяць героя Беларусі, якім безумоўна, з’яўляецца Кастусь Каліноўскі.