Магілёў: суполку “Грамады” зарэгістравалі
Магілёўская абласная ўправа юстыцыі зарэгістравала Ленінскую раённую арганізацыю Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. Рэгістрацыі суполкі партыйныя актывісты дамагаліся паўгода.
Суполка налічвае дваццаць чалавек. У рэгістрацыйных дакумэнтах фігуруюць дзевяць зь іх.
“У працэсе рэгістрацыі ўправа юстыцыі запатрабавала падрабязных зьвестак пра ўсіх гэтых дзевяць сяброў, у тым ліку пра іх месцы працы. Мы доўга разважалі над гэтым патрабаваньнем, бо заканадаўства не прадугледжвае таго. Урэшце вырашылі яго выканаць. Мы падалі копіі ўліковых картак, сяброўскіх білетаў і нават фоткі дадалі з устаноўчага сходу. Да таго ж кіраўніцтва зьвярнулася зь лістом, у якім была заакцэнтаваная ўвага на тое, што ўправа юстыцыі сваім патрабаваньнем парушае закон”, — зазначыў “Свабодзе” кіраўнік суполкі Андрэй Дзьвігун.
Паводле актывіста, цяпер рыхтуюцца дакумэнты на рэгістрацыю Кастрычніцкай партыйнай суполкі абласнога цэнтру. Пасьля яе рэгістрацыі актывісты будуць намагацца легалізаваць гарадзкую арганізацыю.
У Бабруйску тым часам з рэгістрацыяй суполак БСДП “Грамада” ёсьць праблемы. Уладальнік памяшканьня, якое мелася быць юрыдычным адрасам для партыйцаў, адмовіўся ад сваіх намераў яго арандаваць. Безь юрыдычнага адрасу, паводле заканадаўства, рэгістрацыя суполак немагчымая.