viasna on patreon

Жанна Літвіна: “У краіне адбылося зрошчванне СМІ з органамі дзяржаўнага кіравання”

2009 2009-10-28T17:15:05+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/litvina_jana.jpg
Cтаршыня БАЖ Жанна Літвіна

Cтаршыня БАЖ Жанна Літвіна

23 кастрычніка Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія і арганізацыі, якія ўваходзяць у яе сістэму з 1 кастрычніка 2009 года па 31 снежня 2012 года вызваляюцца ад выплаты падаткаў на прыбытак і на дададзеную вартасць. Сродкі, якія вызваляюцца ў выніку давання пазначаных ільготаў, згодна з указам, павінны накіроўвацца БТ і арганізацыямі, якія ўваходзяць у яе сістэму, на развіццё вытворчай базы, набыццё правоў на трансляцыю аўдыёвізуальных твораў, стварэнне ўласных перадачаў, кажацца ва ўказе. Пракаментаваць указ прэзідэнта карэспандэнт www.Euramost.org папрасіў старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанну ЛІТВІНУ.

- БАЖ неаднаразова звяртаў увагу на тое, што сёння дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ знаходзяцца ў няроўных эканамічных умовах. Сыходзячы з гэтага, як вы маглі б пракаментаваць факт атрымання БТ такіх ільгот?
- Гэта яшчэ адно падцверджанне пільнай увагі да дзяржаўных сродкаў масавай інформацыі з боку выканаўчай улады і з боку кіраўніка дзяржавы. І яшчэ адно падцверджанне таго, што такая ганебная з’ява, як датацыі з боку дзяржавы для таго самага Беларускага тэлебачання, не будзе спынена. А падчас падрыхтоўкі да прэзідэнцкай выбарчай кампаніі яшчэ больш узмацніцца.

- БТ займаецца падрыхтоўкай “кампраметуючых” прграм супраць апанентаў улады. Я маю на ўвазе фільмы супраць “Маладога фронту”, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, іншых. Ці не гэта “праца” дапамагла ім атрымаць такія ільготы ад прэзідэнта?
- Я думаю, што справа не толькі ў тых “кампраматах”, якія тыражуе БТ. Справа, відаць, у кантролі над грамадскай свядомасцю. З пункту гледжання нашых уладных структур інфармацыя і надалей у грамадства павінна ісці толькі адцэнзураваная, правільная, вывераная. Толькі тая інфармацыя, якая патрэбная самой уладзе.

- Падчас візіту ў Беларусь місіі з удзелам прадстаўнікоў міжнародных журналісцкіх арганізацый, адбылася іх сустрэча з першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Пяткевіч. Яна завіла на гэтай сустрэчы, што не выключана магчымасць прыватызацыі дзяржаўных СМІ ў будучым. Як гэта вяжыцца з указам Лукашэнкі наконт ільготаў БТ?
- Пра прыватызацыю сёння, відаць, можна толькі гаварыць. Альбо ўзгадваць выказванні высокіх чыноўнікаў на гэты конт. На самой справе ў нашай краіне ўжо даўно адбылося зрошчванне сродкаў масавай інфармацыі з органамі дзяржаўнага кіравання. Сёння дзяржаўныя СМІ гэта такі прыдатак, які выконвае ідэалагічны заказ. Тое, што зараз адбываецца з гэтым вызваленнем ад падаткаў, сведчыць, што для нашых калег з дзяржаўным СМІ гэта прыймальны варыянт і ён не выклікае ніякіх пратэстных настрояў.

- Эксперты міжнароднай місіі зрабілі пэўныя высновы па выніках свайго візіту ў Беларусь. І выказалі парады наконт таго, як можна палепшыць сітуацыю ў галіне СМІ ў нашай краіне. Як вы лічыце, калі гэтыя парады лягуць на стол Пяткевіч і Лукашэнку, яны да іх прыслухаюцца? Нешта будзе зроблена і зменена?
- Самая галоўная выснова, якую мы зрабілі пасля працы гэтай місіі ў тым, што яна насіла канструктыўны характар. Як ні банальна гэта гучыць. Міжнародныя арганізацыі сёння прапаноўваюць сваю дапамогу па рэфармаванні медыя-сферы. А як паставяцца да рэкамендацый улады… Мне падаецца, што гэта прагназуема. Адмовіцца ад уплыву на сродкі масавай інфармацыі, ад манаполіі на інфармацыйную прастору сённяшняй уладзе вельмі цяжка. Яна яшчэ не саспела да такога крока і такога рашэння. Але гэтыя працэсы ўсё адно непазбежныя. І дэманапалізацыя, і раздзяржаўліванне сродкаў масавай інфармацыі -- ад гэтага нікуды не дзецца. Самае галоўнае ў тым, каб тыя рэкамендацыі, якія вынесла місія – каб яны былі зразумелыя, каб іх прыняла журналісцкая супольнасць. У гэтым я зараз бачу БАЖ. І першы крок, які мы робім: у нас запланаваны “круглы стол” з афіцыйным Саюзам журналістаў па абмеркаванні рэкамендацый, якія вынесла місія.

- Набліжаюцца прэзідэнцкія выбары, пра якія і вы ўзгадалі вышэй. Па мінулым вопыце мы ведаем, што падчас такіх мерапрыемстваў незалежныя СМІ адчуваюць “пэўны ўціск і пэўную пільную ўвагу з боку спецслужбаў”…
- Мягка кажучы!
- Ад чарговай прэзідэнцкай кампаніі будзем чакаць таго ж самага?
- Агульныя тэндэнцыі, якія мы сёння адзначаем, сведчаць пра тое, што, відаць, мала што зменіцца. Хаця маленечкія крокі пад ціскам міжнароднай супольнасці і міжнародных інстытутаў могуць адбыцца. Магчыма, яшчэ некалькі газет патрапяць у сістэму распаўсюду. Але тое, што тычыцца доступа да інфармацыі, тут нічога не зменіцца. Стратэгічная лінія стаўлення ўлады да незалежных СМІ не падлягае ніякім зменам. На жаль, прыкметаў таго, што ў нас надыйдзе лібералізацыя ў дачыненні да СМІ, на гэта разлічваць не даводзіцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства