З'езд БХД дазволены
Дырэкцыя Палаца культуры Менскага трактарнага завода пагадзілася прыняць устаноўчы з’езд Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Падпісанне дамовы адбудзецца сёння а 15-й, а сам партыйны форум распачнецца у суботу а 10-й гадзіне раніцы.
– Сёння зранку нам паведамілі з Палацу культуры МТЗ, што яны ўсё ж гатовыя нас прыняць у суботу. Упэўнены, што гэта вынік нашай настойлівасці. Грукайцеся – і адчыняць, шукайце – і знойдзеце, напісана ў Евангеллі паводле Мацьвея 7:7, – заявіў Радыё Рацыя сустаршыня арганізацыйнага камітэту Партыі БХД Павал Севярынец.
Нагадаем, што ў часе суботняга форуму запланаваныя выступы лідэраў БХД Паўла Севярынца, Віталя Рымашэўскага, Аляксея Шэіна, Георгія Змітрука, а таксама палітыкаў Аляксандра Мілінкевіча, Аляксандра Казуліна, Станіслава Шушкевіча ды Аляксея Янукевіча.
Напрыканцы з’езду адбудзецца канцэрт з удзелам Андрэя Мельнікава, гурту “Тэзаўрус”, а таксама музыкаў “Новага Іерусаліму”. Чакаецца, што ў з’ездзе возьме ўдзел каля 700 чалавек – дэлегатаў і гасцей.