viasna on patreon

Дырэктарку «Белсата» не пусцілі ў Беларусь

2009 2009-11-05T09:12:05+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/belsat1.jpg

Агнешцы Рамашэўскай, якая збіралася па запрашэнні арганізатараў Мінскага форуму XII прыехаць у Беларусь 4 лістапада, адмовілі ў беларускай візе.

Гэтую інфармацыю яна пацвердзіла сёння ўвечары прэс-службе БАЖ. Па яе словах, адмовілі ёй без усялякіх тлумачэнняў.

Усе неабходныя для афармлення візы дакументы, у тым ліку запрашэнне ад арганізатараў Мінскага форуму XII, былі пададзеныя ў беларускую амбасаду тыдзень таму. На сёння ў спн. Рамашэўскай быў замоўлены квіток на самалёт, але ў 13.00 з беларускай амбасады прыйшла адмова.

На форуме Агнешка Рамашэўска павінная была прысутнічаць у якасці ганаровай госці.

«Шчыра кажучы, мне здавалася, што гэтым разам я атрымаю візу хаця б на 2 дні — усё роўна за гэты час ніякай „рэвалюцыі“ я б не зрабіла. Але я бачу, што тут ва ўладаў Беларусі вельмі цвёрдая пазіцыя. Гэта не можа быць выпадкова», — лічыць А. Рамашэўская.

«Мне здаецца, адмова ў візе сведчыць пра тое, што і на рэгістрацыю прадстаўніцтва „Белсат“ у Беларусі цяпер асабліва спадзявацца не варта. І гэты факт, і тое, што кажа пра нас дзяржаўнае беларускае тэлебачанне, я разумею як падрыхтоўку глебы для адмовы нам у рэгістрацыі», — зазначыла дырэктарка «Белсат» у гутарцы з БАЖ.

Упершыню «Белсат» падаў у МЗС дакументы на рэгістрацыю прадстаўніцтва тэлеканала як часткі Польскага тэлебачання (TVP) у Беларусі 20 снежня 2008 года.

У лютым Міністэрства замежных спраў прыпыніла іх разгляд, спаслаўшыся на тое, што яны аформленыя неналежным чынам.

Улетку «Белсат» паўторна звярнуўся ў МЗС па рэгістрацыю, але ў ліпені Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла, што для рэгістрацыі зноў не хапае аднаго дакумента. Тэлеканал выправіў «недахопы» і цяпер зноў чакае на рашэнне МЗС.

23 красавіка 2007 года Польскае грамадскае тэлебачанне (TVP) і Міністэрства замежных спраў Польшчы падпісалі пагадненне пра стварэнне спадарожнікавага тэлеканала «TV Беларусь». Яго дырэктаркай была прызначаная А.Рамашэўская. 18 ліпеня TVP зацвердзіла ў сваёй структуры новы спадарожнікавы тэлеканал, які атрымаў назву «Белсат». Вяшчанне «Белсата» пачалося 10 снежня 2007 года. Канал фінансуецца з рэзервовага бюджэту польскага МЗС.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства