viasna on patreon

Андрэй Пачобут: “Праз міліцыю, КДБ людзей прымушаюць адмовіцца ад удзелу ў нашым Саюзе палякаў - улады тэстуюць рэакцыю Захаду”

2009 2009-11-06T21:58:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pachobut.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Пачобут, публіцыст і блогер, уласны карэспандэнт выдання Gazeta Wyborcza

Андрэй Пачобут, публіцыст і блогер, уласны карэспандэнт выдання Gazeta Wyborcza

У лістападзе мусіць вырашыцца пытанне пра санкцыі Еўразвязу ў дачыненні да беларускіх уладаў. У пераліку патрабаванняў, выстаўленых міжнароднай супольнасцю да афіцыйнага Менску падчас такзванага тэставага перыяду, фігуруе такі неабходны крок як захаванне  правоў і свабодаў тых беларускіх грамадзянаў, якія адносяцца да нацыянальных меншасцяў. Гэты пункт быў уведзены Еўразвязам з ініцыятывы польскага боку. Неабходнасць такога патрабавання выкліканая складанай сітуацыяй, у якой апынуўся Саюз палякаў на Беларусі на чале з Анжалікай Борыс.

Пра праблемы польскай нацыянальнай меншасці – старшыня Галоўнай Рады непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў, журналіст, уласны карэспандэнт “Газеты Выборчай” Андрэй Пачобут.

- Андрэй, напярэдадні вырашэння Еўразвязам пытання пра працяг санкцыяў ці змянілася сітуацыя з вашым Саюзам палякаў?

- Сітуацыя Саюзу палякаў на працягу апошняга часу не змянілася. Калі казаць пра пэўную перыядызацыю адносінаў уладаў да польскай нацыянальнай меншасці, да Саюзу палякаў, то трэба адзначыць, што вельмі вострая фаза была ў 2005 – 2006 годзе. Тады арыштоўвалі людзей. Сілай захопвалі Дамы польскія: туды ўваходзіў АМАП, выцягваў нашых актывістаў і ўводзіў прадстаўнікоў прадзяржаўнай структуры - людзей, якія пайшлі на супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі.
Пасля, у 2007-ым годзе, усталявалася такая сітуацыя: беларускія ўлады ведаюць, што не прызнаны імі незалежны Саюз палякаў існуе і з’яўляецца незарэгістраванай структурай, але яны нібыта пагаджаюцца з гэтым. Разам з тым, калі пачаўся дыялог Лукашэнкі з Захадам, былі нейкія саступкі ў галіне палітычных правоў – вызваленне палітвязняў, уключэнне ў дзяржсістэму распаўсюду дзвюх газетаў – то гэта “лібералізацыя” ніяк не закранула Саюзу палякаў.   

І ўжо ў гэтым годзе, напрыклад, калі ў сакавіку праходзіў VII з'езд нашага Саюзу, была вельмі брутальная хваля ціску, якую можна параўнаць з 2005-ым годам. Людзей выклікалі ў ідэалагічныя аддзелы і КДБ, міліцыя затрымлівала тых, хто ехаў на з’езд. Адзінае што нікога з кіраўніцтва не арыштавалі, таму што было шмат журналістаў на з’ездзе, шмат тэлекамер і ўлады не зрызыкавалі разагнаць з’езд ці неяк перашкодзіць у яго правядзенні. Таксама ўсплеск быў у верасні, калі адбываўся з’езд праўладнага Саюзу палякаў. Напярэдадні таксама аказваўся ціск на сябраў нашай арганізацыі з мэтай прымусіць іх гэтым разам удзельнічаць у з’ездзе. Такія факты намі аднатаваныя, зарэгістраваныя, і польскі бок праінфармаваны пра тое, што адбывалася. Мы спадзяваліся, што пасля двух такіх пікавых падзеяў, якімі былі гэтыя з’езды, сітуацыя вернецца да стану ўяўнага спакою, які існаваў у 2007-ым годзе. На жаль, гэтага не адбылося.

- А што адбываецца зараз?

- Зараз мы назіраем вельмі моцны ціск на сябраў нашага Саюзу ў Івянцы. Улады тэстуюць рэакцыю Захаду на тое, што адбываецца. Там зараз спрабуюць пераняць Дом польскі, які з’яўляецца ўласнасцю Саюзу палякаў. Праўда, туды ўжо не могуць увесці АМАП, вывесці нашых людзей і паставіць там сваіх (а ў 2005 – 2006-ым годзе ў Гародні ў сядзібе Саюзу палякаў знаходзіўся пункт міліцыі з мэтай бяспекі праўладнага кіраўніцтва). На адкрытыя рэпрэсіі яны не могуць зараз пайсці. Разам з тым, праз міліцыю, КДБ, Камітэт дзяржкантролю аказваюць ціск, спрабуючы паўплываць на нашых актывістаў. Там праводзіцца шэраг праверак на падставе ананімных лістоў, але не знайшлі нават чалавека, які падпісаўся пад рознымі абвінавачваннямі – у нібыта парушэнні фінансавай дысцыпліны і т.п. Гэтыя праверкі выкарыстоўваюцца для таго, каб прымусіць людзей адмовіцца ад удзелу ў нашым Саюзе, каб яны нібыта дабраахвотна перайшлі ў праўладную арганізацыю.

Прычым, трэба адзначыць, што наша арганізацыя заўсёды была абсалютна непалітычная. Большасць нашых актывістаў – вясковыя людзі, якія ў палітыку ніколі не імкнуліся. Там былі нават тыя, хто галасаваў за Лукашэнку, і для іх было шокам тое, што беларускія ўлады так радыкальна ўдарылі ў арганізацыю без аніякіх прычынаў – проста, як кажуць, нейкія фобіі ў чыноўнікаў згулялі. 

- З якімі асноўнымі праблемамі сутыкаюцца палякі, што жывуць у Беларусі?

- Самая галоўная праблема – гэта навучанне польскай мове. У школах, дзяржаўных навучальных установах шмат год назіраецца спад зацікаўлення да навучання польскай мове. Улады тлумачаць гэта тым, што няма  цікавасці з боку людзей, таму і праблемы нібыта няма. На самой справе, ёсць шэраг выпадкаў, калі людзі падаюць заявы пра тое, каб іх дзеці вывучалі ў школе польскую мову. Улады ж адмаўляюць магчымасць таго, каб польская мова выкладалася ў школе як прадмет, а зводзяць усё да факультатываў. Факультатыў праводзіцца раз на тыдзень пасля заняткаў, і зразумела, што ўзровень ведаў ад яго мінімальны. Напрыклад, на пачатку году такая сітуацыя была ў Індуры, гэта невялічкая вёска непадалёк ад Гародні. Там было 12 такіх заяваў. Адміністрацыя школы паразмаўляла з усімі бацькамі, якім сказалі, што навучанне будзе адбывацца за кошт рускай мовы, што гэта дрэнна, паколькі няма  будучыні і г.д. Пасля такіх размоваў засталося шэсць заяваў, якія былі праігнараваныя. У выніку вывучэнне польскай мовы было ўведзена як факультатыў. І такіх прыкладаў шмат на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, асабліва ў Гарадзенскай вобласці.
Але аргументы ўладаў наконт адсутнасці зацікаўлення абвяргаюцца тым, што цягам апошніх гадоў расце попыт на вывучэнне польскай мовы ў камерцыйных установах. Мы назіраем, як моладзь і людзі сталага ўзросту ідуць на камерцыйныя курсы, яны гатовыя плаціць грошы за вывучэнне польскай мовы. Адсюль відавочна, што беларускія ўлады не зацікаўленыя ў тым, каб палякі, якія з’яўляецца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, вывучалі сваю родную мову, і імкнуцца абмежаваць іх у гэтай магчымасці.

Акрамя таго, наш Саюз палякаў – гэта найвялікшая польская арганізацыя на Беларусі, і яе нелегальнае існаванне істотна абмяжоўвае і культурніцкія правы палякаў Беларусі, і права на распаўсюд інфармацыі на роднай мове. Нашыя выданні -  часопіс “Магазын польскі” і газета “Глос з-над Немна” - з’яўляюцца нелегальнымі і распаўсюджваюцца таксама нелегальна. Калі супрацоўнікі міліцыі дзе-небудзь патрапляюць на наш часопіс, яго заўсёды канфіскоўваюць. Мы лічым, што гэта галоўныя праблемы, з якімі сутыкаецца польская меншасць у Беларусі.

- Якую пазіцыю Вы асабіста займаеце ў пытанні пра працяг санкцыяў у дачыненні да беларускіх уладаў?  

- Сітуацыя ў Беларусі дастаткова складаная. Але бачна, што беларускія ўлады пачынаюць прыслухоўвацца, толькі калі пытанне ставіцца жорстка. Калі пытанне ставіцца размазана, размовы пачынаюцца на нейкіх паўтанах, яны ахвотна абяцаюць, але ніколі не выконваюць сваіх абяцанняў. Таму я лічу, што ў дачыненні да беларускага рэжыма трэба мець жорсткую пазіцыю. Гэта не значыць, што не трэба размаўляць. Трэба размаўляць так, як размаўляў з савецкімі лідарамі, скажам, Рональд Рэйган. Яны сустракаліся, вялі перамовы, але гэта была годная і цвёрдая, заснаваная на вартасцях палітыка. І калі такую палітыку праводзіць у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, то яна прынясе плён. Калі гэта будзе нейкая такая гульня, нейкія спробы цывілізаваць… Гэта прыгожа гучыць - “цывілізаваць Лукашэнку”, “выхаваць беларускіх чыноўнікаў”. На жаль, увесь мой досвед паказвае, што людзі ва ўладзе дастаткова добра разумеюць сітуацыю, але ёсць жорсткая сіла, якая іх прымушае. І яны толькі другую сілу разумеюць.    

 

 

 

Анжаліка Борыс і Андрэй Пачобут

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства