Эколягі абвінавачваюць улады ў дэзінфармацыі наконт АЭС
Прадстаўнікі экалягічных грамадзкіх арганізацый заяўляюць, што падрыхтаваныя беларускім навукова-дасьледчым інстытутам энэргетычнай прамысловасьці матэрыялы наконт магчымага ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе Беларускай АЭС насамрэч ёсьць некрытычным паўтарэньнем рэклямных матэрыялаў расейскай атамнай прамысловасьці. Эколягі настойваюць на навуковым і грамадзкім абмеркаваньні будаўніцтва АЭС у Беларусі.
Прадстаўнікі Беларускай партыі “Зялёныя”, “Экадом”, менскага аб’яднаньня эколягаў, навукоўцы і лідэр расейскай групы “Экозащита!” падчас прэсавай канфэрэнцыі заявілі, што будуць дабівацца, каб афіцыйныя матэрыялы пра магчымае ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе Беларускай АЭС прызналі несапраўднымі.
Эколягі падрыхтавалі свае крытычныя заўвагі на афіцыйны даклад. У прыватнасьці яны ўказваюць на тое, што аўтары істотна занізілі выкіды падчас аварый, не прадугледжаныя мерапрыемствы абароны насельніцтва, не абгрунтаваны выбар расейскага праекту АЭС-2006, няма сыстэмы абыходжаньня з радыёактыўнымі адкідамі ды шэраг іншых заўвагаў. Апроч таго, эколягі абвінавачваюць складальнікаў дакладу ў наўмыснай дэзінфармацыі наконт найбольш небясьпечных адкідаў — адпрацаванага ядзернага паліва.
Эколягі патрабуюць, каб адпаведны даклад зрабілі навуковыя экспэрты. Яны настойваюць, што пасьля гэтага трэба дамагчыся шырокага грамадзкага абмеркаваньня праблемы.
Эколягі казалі, што прыцягнулі замежных партнэраў і навуковых экспэртаў да сумеснай працы. Яны выказалі занепакоенасьць тым, як у Беларусі вядзецца грамадзкае абмеркаваньне плянаў будаўніцтва АЭС. Яны лічаць, што пры гэтым сыстэматычна парушаецца беларускае і міжнароднае заканадаўства. Паводле прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый сход, які адбыўся 9 кастрычніка ў Астраўцы ёсьць яскравым прыкладам гэтага.
Тады сход арганізоўвала дырэкцыя будаўніцтва АЭС. Эколягаў не пусьцілі ў будынак. Супрацоўнікі міліцыі і АМАП затрымалі некалькі чалавек. Расейскага эколяга Андрэя Ажароўскага пакаралі арыштам.