viasna on patreon

Жанчыны і насілле: новы час – старыя праблемы

2009 2009-11-24T14:20:52+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gvalt_zh.jpg

З 18 лістапада па 13 снежня ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта кніжная выстаўка “Жанчыны і насілле: новы час – старыя праблемы”.

Выстаўка прысвечана Міжнароднаму дню барацьбы за ліквідацыю насілля ў адносінах да жанчын. Гэты дзень быў аб’яўлены рашэннем Генеральнай Асамблеі ААН (рэзалюцыя 54/134) у 1999 годзе і штогод адзначаецца 25 лістапада.

Праяўленні насілля ў адносінах да жанчын і дзяўчынак існуюць і застаюцца нявырашанай праблемай на кожным кантыненце, у кожнай краіне і кожным культурным асяроддзі. Жанчыны па-ранейшаму з’ўляюцца ахвярамі насілля незалежна ад узроўню даходаў, класавай, расавай і этнічнай прыналежнасці. Насілле над жанчынай караніцца ў гістарычнай няроўнасці ў адносінах паміж мужчынамі і жанчынамі, а таксама ў бесперапыннай дыскрымінацыі жанчын. Яно не толькі з’яўляецца недапушчальным парушэннем правоў чалавека, але і нясе велізарныя сацыяльныя і эканамічныя выдаткі. Насілле прыводзіць да найцяжэйшых вынікаў для жанчын, іх сем’яў, для грамадства ў цэлым і ўяўляе сур’ёзную пагрозу для дасягнення міжнародна ўзгодненых мэт у галіне развіцця, у прыватнасці, Мэт развіцця тысячагоддзя.

Усведамляючы ўсю важнасць гэтай праблемы, у лютым 2008 года Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Пан Гі Мун аб’явіў аб пачатку правядзення кампаніі “Разам пакончыць з насіллем у адносінах да жанчын”, накіраванай на распрацоўку і прыняцце канкрэтных мер па прадухіленні і выкараненні насілля над жанчынамі і дзяўчатамі ва ўсім свеце.

Гэта кампанія, што праводзіцца на працягу 2008–2015 гадоў, заклікана мабілізаваць грамадскую свядомасць на тое, каб папярэджанне і выкараненне насілля ў адносінах да жанчын вялося на самым высокім палітычным узроўні. Кампанія заснавана на існуючых міжнародных прававых механізмах і выкарыстоўвае ўзмоцненую ўвагу ўсяго грамадства да пытання выкаранення насілля. Гэта знаходзіць адлюстраванне ў колькасці ініцыятыў, якія ўсё часцей прапануюць партнёры ў рамках сістэмы ААН, урады і няўрадавыя арганізацыі. Усё большая колькасць краін дэманструе сваю рашучасць садзейнічаць ажыццяўленню ўсіх правоў жанчын, у тым ліку права на жыццё без насілля.

У Рэспубліцы Беларусь вялікая ўвага надаецца вырашэнню праблемы насілля ў адносінах да жанчын. Стратэгія дзейнасці нашай дзяржавы накіравана на папярэджанне, знішчэнне і выкараненне гэтага зла. Такой стратэгіі наша краіна прытрымліваецца і на міжнароднай арэне. Рэспубліка Беларусь стала ініцыятарам важных працэсаў, скіраваных на пашырэнне дзейнасці міжнароднай супольнасці ў барацьбе з гандлем людзьмі. У прыватнасці, па ініцыятыве Беларусі былі прыняты рэзалюцыі галоўных органаў ААН – Генеральнай Асамблеі і Эканамічнага і сацыяльнага савета (A/RES/63/194; A/RES/61/180; E/2008/L.31), створана Міжустаноўская рабочая група, праведзены тэматычныя дэбаты Генеральнай Асамблеі ААН і міжнародная канферэнцыя, прысвечаная пытанням супрацьдзеяння гандлю людзьмі.

Намаганні нашага грамадства, іншых дзяржаў і няўрадавых арганізацый накіраваны на тое, каб абараніць жанчын і стварыць свет, у якім яны будуць карыстацца сваімі правамі і свабодамі роўна з мужчынамі.

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 100 дакументаў на рускай, англійскай, французскай і нямецкай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН (мастхэд), брашуры, буклеты.

Выстаўка складаецца з наступных раздзелаў:

  • міжнародныя і рэгіянальныя прававыя і палітычныя дакументы, накіраваныя на ліквідацыю насілля ў адносінах да жанчын;
  • праблема насілля ў дачыненні да жанчын у Рэспубліцы Беларусь;
  • хатняе насілле: меры па папярэджанні і знішчэнні насілля над жанчынамі ў сям’і;
  • жанчына і ўзброеныя канфлікты;
  • жанчына як тавар – праблема гандлю людзьмі;
  • сацыяльная няроўнасць і гендэрная дыскрымінацыя.

Выстаўка зацікавіць студэнтаў, выкладчыкаў, сацыяльных педагогаў, псіхолагаў, спецыялістаў у сферы супрацьдзеяння гандлю людзьмі, актывістаў праваахоўных і няўрадавых арганізацый.

Карысныя спасылкі

Сістэма ААН

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства