МЗС Беларусі – беларускай дыяспары: вы для нас па-ранейшаму замежнікі
Міністэрства замежных спраў Беларусі адказала на ліст МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, у якім быў дасланы Зварот, прыняты на 4-й канферэнцыі беларусаў Балтыйскага рэгіёна і Беларусі. Зварот у МЗС быў перададзены па просьбе Таварыства Беларускай культуры ў Літве. У дакуменце дэлегатамі канферэнцыі выказвалася просьба перагледзець кошты на візы для сваіх суайчыннікаў і па магчымасці зрабіць візы бясплатнымі. Такая ж просьба была агучана і на Пятым з’ездзе беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” (ліпень 2009).
У адказ на гэты зварот Міністэрства замежных спраў праінфармавала “Бацькаўшчыну” пра тое, што ў адпаведных выпадках прадугледжаны і выкарыстоўваюцца на практыцы “так званыя “ільготныя” правілы ў адносінах да замежных грамадзян, якія прадстаўляюць для беларускай дзяржавы інтарэс у розных галінах палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця”.
Далей ў лісце даводзіцца, што працэдура атрымання беларускіх віз замежнымі грамадзянамі простая і зразумелая, да таго ж жыхары Латвіі, Літвы, Польшчы і Эстоніі могуць атрымліваць візы тэрмінам дзеяння да 30 дзён без прадстаўлення запрашэння. А вось грамадзянам Беларусі для атрымання віз ў згаданыя краіны неабходна сабраць ад 10 да 14 дакументаў.
Што тычыцца кошту віз, то, на думку беларускага МЗС, “тарыфы на выдачу беларускіх віз жыхарам Латвіі, Літвы, Польшчы і Эстоніі з’яўляюцца мінімальнымі”, а далейшае спрашчэнне візавых працэдур магчымае “пры дасягненні адпаведных дамоўленасцей паміж Беларуссю і Еўрасаюзам”.
Старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская адзначыла: “З адказу Міністэрства замежных спраў вынікае, што беларусы замежжа, у тым ліку тыя, што працуюць на ніве беларушчыны ў краінах свайго пражывання, дагэтуль нашай дзяржавай цалкам прыраўноўваюцца да іншаземцаў. І мы зноў упіраемся ў адсутнасць закона аб беларусах замежжа. У лісце размова ідзе пра агульную працэдуру атрымання віз замежнымі грамадзянамі, і абсалютна не ўлічваецца, што і на Пятым з’ездзе беларусаў свету, і ў Звароце дэлегатаў канферэнцыі беларусаў Балтыйскага рэгіёна вядзецца гаворка пра кошт віз менавіта для беларусаў, якія пражываюць за мяжой, – велізарны патэнцыял для Беларусі. Натуральна, мы зацікаўлены ў спрашчэнні візавай працэдуры і танных шэнгенскіх візах для ўсіх грамадзян Беларусі, але гэтыя два пытанні трэба разглядаць асобна. Менавіта беларуская дзяржава мусіць клапаціцца пра сваіх суайчыннікаў у замежжы, і ў дадзеным выпадку палітыка Еўрасаюза не мае да гэтага ніякага дачынення”.
На думку кіраўніка МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай, “магчыма, гэтым лістом МЗС хацеў падкрэсліць, што беларусы замежжа павінны больш настойліва працаваць з урадамі сваіх краін у пытанні спрашчэння візавай працэдуры для грамадзян Беларусі. Але гэты мэсэдж быў бы прыняты беларускім замежжам пазітыўна, калі б беларуская дзяржава зрабіла пэўныя крокі ў вырашэнні візавага пытання для саміх беларусаў”.
У тым жа лісце МЗС адказала і на просьбу “Бацькаўшчыны” аб прадстаўленні бясплатных шматразовых візаў сябрам Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” – кіраўнікам беларускіх суполак у замежжы. “МЗС арыентавала адпаведныя замежныя ўстановы Рэспублікі Беларусь адносна афармлення кароткачасовых віз для наведвання краіны сябрамі Вялікай Рады МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, – гаворыцца ў лісце. Інфармацыі пра тое, ці будуць візы бясплатнымі, у лісце няма. У тэлефоннай размове прадстаўнік МЗС паведаміў, што пытанне кошту і тое, якімі будуць візы – шматразовымі ці аднаразовымі, будуць вырашаць самі замежныя ўстановы Рэспублікі Беларусь у краінах пражывання сяброў Рады. Наколькі гэтае рашэнне дасць палёгку кіраўнікам беларускіх суполак замежжа, застаецца пытаннем.